Схавалі падзеж 30 галоў буйной рагатай жывёлы: пракуратурай Бешанковіцкага раёна ўзбуджана крымінальная справа па факце ўнясення заведама ілжывых звестак і запісаў у афіцыйныя дакументы

Пракурор Бешанковіцкага раёна па матэрыялах даследчай праверкі раённага аддзела ўнутраных спраў узбудзіў крымінальную справу па факце службовага падлогу па ч.1 арт.427 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы галоўны заатэхнік і брыгадзір фермы сельскагаспадарчага прадпрыемства раёна, ведаючы аб наяўнасці ў гаспадарцы фактаў непрадукцыйнага выбыцця 30 галоў буйной рагатай жывёлы, у мэтах яго ўтойвання ў перыяд з красавіка па верасень бягучага года ўносілі заведама ілжывыя звесткі і запісы ў афіцыйныя дакументы – у ведамасці ўзважвання жывёл і справаздачы аб руху жывёлы і птушкі на ферме.
Крымінальная справа для арганізацыі расследавання накіравана ў тэрытарыяльны аддзел Следчага камітэта. 
«Санкцыя ч.1 арт.427 КК Рэспублікі Беларусь прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, або пазбаўлення права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю, або папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, або абмежавання волі на той жа тэрмін, або пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў, – растлумачыў памочнік пракурора Бешанковіцкага раёна Ягор Раманавіч Чудакоў».