«Служба загартавала характар і змяніла погляд на жыццё»: гісторыя радавога Арцёма Арцюха

«Служба закаляет характер и меняет взгляд на жизнь»: история рядового Артема Артюха

24 лютага 2026

«Служба загартавала характар і змяніла погляд на жыццё»: гісторыя радавога Арцёма Арцюха

Радавы Арцём Арцюх сустрэў Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у страі ўжо другі раз. Для яго 23 лютага — не проста дата ў календары, а сімвал мужчынскай сталасці і вернасці абавязку, які ён выконвае з гонарам. Армейскую форму хлопец надзеў восеню 2024 года. За плячамі ў бешанковічаніна больш за год службы ва ўнутраных войсках і пройдзены шлях ад навабранца да допытнага байца. Наперадзе — «фінішная прамая» перад звальненнем у запас у маі 2026-га.

«Час службы праляцеў незаўважна, — распавядаў Арцём, з якім мы сустрэліся падчас яго знаходжання ў адпачынку ў бацькоў напярэдадні свята. – Павольней ішлі толькі першыя месяцы. А потым уваходзіш у армейскі рытм і не заўважаеш, як дні змяняюць адзін аднаго. У войска я пайшоў разам са сваім прызывам. Ведаў, што гэта мой абавязак, і прыдумляць сабе хваробы, хавацца за даведкамі — не ў маіх правілах. Для мяне было важна прайсці гэты шлях менавіта цяпер, не адкладаючы на потым. Ды і калі ты ў страі разам са сваімі аднагодкамі, усё даецца лягчэй. Разам мы прывыкалі да ранніх уздымаў, разам дзялілі першыя цяжкасці, разам узроставалі. У войску служылі дзед, бацька, старэйшы брат, у Вялікую Айчынную вайну – прадзед. І хоць я яго не ведаў, шмат чуў пра яго ад родных…»

Асновы ваеннай справы Арцём асвоіў яшчэ падчас вучобы ў СШ №2 г. п. Бешанковічы імя М. М. Ткачанкі пад чулым кіраўніцтвам вопытнага настаўніка, кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні Аляксандра Падольскага. «Аляксандр Сяргеевіч выкладаў у нас таксама ўрокі фізкультуры, — узгадвае салдат. — Запомнілася стральба з пнеўматычнай вінтоўкі. Тады і вырашыў, што абавязкова пайду ў войска, каб ведаць ваенную справу, навучыцца страляць з сапраўднай зброі».

Пасля заканчэння школы Арцём паступіў у Віцебскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж на спецыяльнасць «Грамадскае харчаванне», атрымаў прафесію кухара, кандытара, і ў кастрычніку 2024 года быў прызваны ваенным камісарыятам Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў на тэрміновую ваенную службу ва ўнутраныя войскі. Атрыманая прафесія спатрэбілася на ваеннай службе. Першыя дзевяць месяцаў служыў кухарам у в/ч 5524 у Віцебску, а пазней быў пераведзены ў воінскую частку 5530, ваеннаслужачыя якой выконваюць задачы па ахове грамадскага парадку і забеспячэнні грамадскай бяспекі ў Полацку і Наваполацку.

Да загаду засталося зусім няшмат, да Дня Перамогі Арцёма чакаюць дома. «У войску служыць няцяжка, калі выконваеш дысцыпліну. Кожны дзень вельмі насычаны, служыцца лёгка, камандзіры добрыя, уважлівыя, разумеючыя, ва ўсім дапамагаюць, падказваюць. Усё даецца лёгка, асабліва калі ёсць цікавасць і жаданне вучыцца і даведвацца нешта новае. Я набыў веды ў ваеннай сферы, знайшоў новых сяброў. У войску я стаў больш адказна ставіцца да жыцця, намеціў для сябе новыя мэты, пабудаваў планы на будучыню. Важны таксама набыты вопыт зносін у мужчынскім калектыве. Пасля тэрміновай хацеў бы служыць у падраздзяленні аховы МУС», — азіраючыся на пройдзены шлях, кажа Арцём.

!На пытанне, што б ён параіў маладым людзям, якія сумняюцца ці чагосьці асцерагаюцца, калі гаворка заходзіць пра войска, адказаў коратка: «Трэба ісці служыць і нічога не баяцца. Не лішнім будзе праверыць сябе ў няпростых армейскіх умовах. У войску я ўжо памяняў многія погляды на жыццё і, можна сказаць, станавіцца толькі мацней як маральна, так і фізічна».

"Зара"