Супрацоўнікі РАНС правялі з дзецьмі квест-гульню «Шыфр 112»

Летні час – самы шчаслівы і самы небяспечны для ўсіх школьнікаў. Акрамя таго, што дзеці часта застаюцца адны, так яшчэ і вадаёмы літаральна вабяць рабят выкупацца і ахаладзіцца ў летнюю спякоту. З мэтай папярэджання пажараў па прычыне дзіцячага свавольства з агнём, гібелі і траўматызму дзяцей у перыяд летніх канікул Бешанковіцкія ратавальнікі праводзяць рэспубліканскую прафілактычную акцыю «Канікулы без дыму і агню».

У межах акцыі супрацоўнікі РАНС правялі з дзецьмі квэст-гульню «Шыфр 112». Разбіўшыся на 7 каманд, рабятам трэба было разгадаць рэбусы, перш чым пачаць праходжанне лакацый. Паспяхова справіўшыся з гэтым заданнем, дзеці ў гульнявой форме на такіх лакацыях як: «Бяспечная», «Водная», «Лясная», «Спартыўная», «Гульнявая», «Экіпіровачная» і «Гістарычная» навучыліся аказваць дапамогу тапельцу, распазналі ядомыя і неядомыя грыбы, прымерылі баявое адзенне ратавальніка, даведаліся чым можна тушыць пажар і, вядома ж, весела правялі час.