Маладому спецыялісту

ПЫТАННЕ-АДКАЗ

1. Хто лічыцца маладым спецыялістам?

Маладымі спецыялістамі з'яўляюцца выпускнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія скончылі поўны курс навучання за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў і накіраваныя на працу камісіяй па персанальным размеркаванні.

Г.зн. схематычна: размеркаванне — заканчэнне адукацыі (толькі дзённая форма), атрыманне дыплома (для ўрачоў + інтэрнатура) — накіраванне на працу — прыбыццё на месца працы.

2. Ці мае статус малады спецыяліст, які навучаўся за кошт уласных сродкаў?

У адпаведнасці з пунктам 5 артыкула 84 «Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі» выпускнікі, якія атрымалі вышэйшую або сярэднюю спецыяльную адукацыю ў дзённай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў фізічных асоб або ўласных сродкаў грамадзян, па іх жаданні і пры наяўнасці месцаў працы, якія засталіся пасля размеркавання, накіроўваюцца на працу, адпаведна з'яўляюцца маладымі спецыялістамі, і па прыбыцці на працу яны маюць усе гарантыі і кампенсацыі, прадугледжаныя заканадаўствам маладым спецыялістам.

3. Хто такія маладыя спецыялісты – «мэтавікі»?

Мэтавая падрыхтоўка спецыялістаў – гэта дамоўленасць паміж дзяржаўным прадпрыемствам або арганізацыяй з аднаго боку і ўстановай адукацыі з другога. У рамках гэтай дамоўленасці прадпрыемства дасылае ва ўстанову адукацыі заяўку на падрыхтоўку канкрэтнага спецыяліста па канкрэтнай (неабходнай прадпрыемству) спецыяльнасці. Пры паступленні для «мэтавікоў» устанаўліваецца асобны конкурс (у рамках кантрольных лічбаў, даведзеных да ўстановы адукацыі). Пры гэтым іх навучанне таксама фінансуецца за кошт бюджэтных сродкаў.

Малады спецыяліст – «мэтавік» павінен працаваць па размеркаванні менавіта ў таго наймальніка, які падаваў першапачатковую заяўку, на падставе якой і быў ажыццёўлены мэтавы набор абітурыентаў.

4. Прыём на працу

На наймальніку ляжыць абавязак прыняць на працу прыбыўшага маладога спецыяліста і забяспечыць яму ўмовы, указаныя ў пасведчанні аб накіраванні на працу.

Палажэннем устаноўлена забарона на звальненне маладых спецыялістаў або на перавод на працу, не звязаную з атрыманай спецыяльнасцю, кваліфікацыяй, да заканчэння тэрміну працы па размеркаванні. Выключэнне складае:

  • пераход на выбарную пасаду;
  • прыняцце рашэння ўстановай адукацыі аб пераразмеркаванні маладога спецыяліста альбо выдачы яму даведкі аб свабодным працаўладкаванні;
  • залічэнне ва ўстанову адукацыі ў дзённай форме атрымання адукацыі больш высокага ўзроўню (ступені);
  • парушэннем наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага або працоўнага дагавора;
  • звальненні па ініцыятыве наймальніка ў адпаведнасці з пунктамі 1,2,4 – 9 артыкула 42 Працоўнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей - ПК) і па абставінах, якія не залежаць ад волі бакоў, прадугледжаных у пунктах 1-3,5,6 артыкула 44ПК.

З маладымі спецыялістамі пры прыёме на працу заключаецца кантракт або працоўны дагавор на пэўны тэрмін (пра тэрмін крыху далей).

Незалежна ад формы ўласнасці і гаспадарання наймальнік не мае права адмовіць маладому спецыялісту ў заключэнні працоўнага дагавора (кантракта), які, дарэчы, заключаецца без папярэдняга выпрабавання.

5. Ці можа малады спецыяліст пайсці працаваць па размеркаванні на месца работніка, які знаходзіцца ў водпуску па цяжарнасці і родах?

Можа. Маладога спецыяліста могуць прыняць на працу на перыяд выканання абавязкаў часова адсутнага работніка, за якім у адпаведнасці з Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь захоўваецца месца працы. У адпаведнасці з пунктам 4 часткі 1 артыкула 17 ПК з маладым спецыялістам заключаецца тэрміновы працоўны дагавор.

6. Што чакае маладога спецыяліста, прынятага на працу на час дэкрэтнага водпуску асноўнага работніка, які выйшаў на працу раней заканчэння водпуску?

Пасля таго як асноўны работнік выйдзе з водпуску па доглядзе дзіцяці, маладому спецыялісту павінны прадаставіць іншае працоўнае месца, якое забяспечвае магчымасць адпрацоўкі абавязковага тэрміну размеркавання, а пры немагчымасці – выдаць пісьмовую адмову, каб работнік мог звярнуцца ў сваю ўстанову адукацыі за пераразмеркаваннем.

7. Тэрмін адпрацоўкі

Малады спецыяліст абавязаны адпрацаваць 1 год пасля атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі (па мэтавым накіраванні – 2 гады) і 2 гады пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі (па мэтавым – 3 гады сярэдняя спецыяльная і 5 гадоў вышэйшая адукацыя). Адпаведна, не дапускаецца заключэнне працоўнага дагавора з дадзенымі катэгорыямі работнікаў на меншы тэрмін.

У тэрмін адпрацоўкі маладому спецыялісту залічваецца водпуск па доглядзе дзіцяці да трох гадоў і служба ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, іншых войсках і воінскіх фарміраваннях.

А для асоб, якія атрымалі вышэйшую адукацыю па профілі адукацыі "Ахова здароўя", тэрмін абавязковай працы вылічваецца з даты заключэння працоўнага дагавора па пасадзе ўрача-спецыяліста.

8. Ці ўлічваецца ў адпрацоўку па размеркаванні праца падчас навучання ва ўніверсітэце?

Не. Тэрмін адпрацоўкі вылічваецца з дня заключэння працоўнага дагавора (кантракта) паміж маладым спецыялістам і наймальнікам. Паколькі студэнт не з'яўляецца маладым спецыялістам падчас навучання ва ўстанове адукацыі, то і праца ў названым выпадку не ўлічваецца.

9. Ці ўлічваецца ў адпрацоўку па размеркаванні праца да пераразмеркавання?

Так. Пры размеркаванні ўлічваецца ўвесь тэрмін адпрацоўкі пасля заканчэння ўстановы адукацыі.

10. Якія грашовыя выплаты прадугледжаны маладым спецыялістам?

Грашовая дапамога выплачваецца:

маладым спецыялістам, а таксама выпускнікам, указаным у пункце 5 артыкула 84 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, – у памеры месячнай стыпендыі, прызначанай ім у апошнім перад выпускам семестры (паўгоддзі);

маладым рабочым (служачым), якія атрымалі прафесійна-тэхнічную адукацыю, – з разліку тарыфнай стаўкі па прысвоенай ім кваліфікацыі (разраду, класу, катэгорыі) або адпаведнага акладу.

Накіраваным для работы ў якасці педагагічных работнікаў выпускнікам установай адукацыі выплачваецца грашовая дапамога за 45 каляндарных дзён за кошт сродкаў рэспубліканскага або мясцовых бюджэтаў з разліку месячнай стыпендыі, прызначанай ім у апошнім перад выпускам семестры (паўгоддзі), не пазней выдачы пасведчання аб накіраванні на работу.

У выпадку, калі маладыя спецыялісты і выпускнікі не атрымлівалі стыпендыі ў апошнім перад выпускам семестры (паўгоддзі), ім выплачваецца адпаведная грашовая дапамога з разліку сацыяльнай стыпендыі, устаноўленай на дату выпуску.

І, вядома, дадатковыя выплаты, якія прадугледжаны калектыўным дагаворам. У кожнай арганізацыі свае.

11. У які тэрмін ажыццяўляецца выплата грашовай дапамогі?

Выплата грашовай дапамогі ажыццяўляецца наймальнікам у месячны тэрмін з дня заключэння працоўнага дагавора (кантракта) з выпускніком у поўным памеры незалежна ад колькасці выкарыстаных ім дзён адпачынку.

12. Якія дапамогі гарантаваны маладым спецыялістам у сувязі з пераездам (аднаразовая дапамога ў сувязі з пераездам)?

У адпаведнасці з артыкулам 96 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь работнікам, асобам, якія завяршылі навучанне, якія пераязджаюць на работу ў іншую мясцовасць у сувязі з пераводам, накіраваным у парадку арганізаванага набору альбо ў адпаведнасці з папярэдняй дамоўленасцю, заключанымі дагаворамі або заяўкамі, кампенсуюцца: аднаразовая дапамога на самога работніка, асобу, якая завяршыла навучанне, у памеры яго месячнай тарыфнай стаўкі (акладу) па новым месцы работы і на кожнага члена сям'і, які пераязджае, у памеры адной чацвёртай дапамогі на самога работніка, асобу, якая завяршыла навучанне.

13. Ці выплачваецца аднаразовая дапамога маладым спецыялістам, калі яны накіраваны на работу па месцы свайго пастаяннага жыхарства?

У выпадку калі малады спецыяліст накіраваны на работу па месцы свайго пастаяннага месца жыхарства, аднаразовая дапамога ў сувязі з пераездам не выплачваецца. Пры гэтым месцам пастаяннага месца жыхарства да накіравання па размеркаванні прызнаецца той населены пункт, дзе студэнт (навучэнец) пражываў да паступлення на вучобу.

14. Ці выплачваецца аднаразовая дапамога маладым спецыялістам, калі яны накіраваны на работу па месцы знаходжання ўстановы адукацыі, дзе яны навучаліся?

Маладым спецыялістам і членам іх сем'яў, накіраваным на працу ў парадку персанальнага размеркавання па месцы знаходжання ўстановы адукацыі, дзе яны навучаліся, аднаразовая дапамога ў сувязі з пераездам выплачваецца, калі яны да навучання пастаянна пражывалі ў іншай мясцовасці. Калі да моманту размеркавання студэнт (навучэнец) атрымаў пастаянную прапіску ў населеным пункце, дзе знаходзіцца ўстанова адукацыі і куды ён накіраваны на працу, то права на атрыманне названай дапамогі ён не мае.

15. Ці павінен наймальнік прадастаўляць жыллё?

Прадастаўленне жылля па месцы размеркавання, на жаль, заканадаўства маладым спецыялістам не гарантуе. Адзіная гарантыя ў гэтай сферы, замацаваная на дзяржаўным узроўні, — права маладога спецыяліста, які прыбыў па месцы размеркавання, прымацца на ўлік асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, без дадатковых патрабаванняў.

16. У якім выпадку малады спецыяліст не з'яўляецца «маладым спецыялістам»?

Калі выпускнік атрымаў даведку аб самастойным працаўладкаванні, то статусу маладога спецыяліста ён не мае, і, вядома, пасля поўнага тэрміну адпрацоўкі.