Захаваем спадчыну продкаў
Пракуратурай сумесна са спецыялістамі краязнаўчага музея праведзена праверка выканання заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, у ходзе якой вывучаны стан помнікаў архітэктуры і археалогіі, брацкіх магіл і воінскіх пахаванняў, а таксама выкананне ўласнікамі і ўладальнікамі патрабаванняў ахоўных абавязацельстваў.
На тэрыторыі Бешанковіцкага раёна размешчаны 47 гісторыка-культурных каштоўнасцей, у тым ліку 30 помнікаў археалогіі (курганы, стаянкі і гарадзішчы), 8 помнікаў архітэктуры і 9 брацкіх магіл, якія з'яўляюцца жывымі фрагментамі гісторыі беларускага народа.
Праверка паказала, што асобныя помнікі гісторыка-культурнай спадчыны ўтрымліваюцца неналежным чынам, не выконваюцца ў поўным аб'ёме неабходныя мерапрыемствы па забеспячэнні іх належнага тэхнічнага і санітарнага стану.
У прыватнасці, пры наведванні комплексу былой сядзібы «Нізгалава», якая з'яўляецца помнікам архітэктуры другой паловы ХIХ стагоддзя другой катэгорыі каштоўнасцей, якія маюць нацыянальнае значэнне, устаноўлена, што на даху будынка кузні (раней выкарыстоўвалася ў якасці сталовай) часткова сарваны канькок, адкрыты ўваходы на гарышча і ў падвальныя памяшканні, а таксама аконны праём з тыльнага боку, адна з уваходных дзвярэй у будынак разламаная, іншыя драўляныя канструкцыі маюць патрэбу ў афарбоўванні, з тыльнага боку будынка арганізавана звалка бытавых адходаў. Будынак капцільні не закансерваваны: адсутнічае дах, не закрыты ўваходныя і аконныя праёмы, што спрыяе яго разбурэнню пад уздзеяннем атмасферных ападкаў, унутры арганізавана звалка смецця. Непрывабны знешні выгляд названых аб'ектаў і прылеглай тэрыторыі значна пагаршае іх успрыманне ў якасці гісторыка-культурнай каштоўнасці. Уладальнікам будынкаў кузні і капцільні з'яўляецца ААТ «Бешанковічы аграсэрвіс», якім падпісана адпаведнае ахоўнае абавязацельства, аднак не прыняты неабходныя меры па ўтрыманні гісторыка-культурнай каштоўнасці ў належным санітарным і тэхнічным стане.
Пры абследаванні Курганнага могільніка перыяду ранняга сярэднявечча Х-XII ст., размешчанага ў в.Давыдкавічы Бешанковіцкага раёна, які адносіцца да катэгорыі гісторыка-культурных каштоўнасцей 3 катэгорыі, устаноўлена, што ён утрымліваецца ў нездавальняючым стане: парос травой, неўстаноўленай асобай на могільніку ўладкавана капцільня, якая складаецца з металічнай ёмістасці, узведзенай на вяршыні кургана і злучанай трубой з топкай, размешчанай ля яго падножжа, што істотна псуе эстэтычны выгляд і пагаршае ўспрыманне гісторыка-культурнай каштоўнасці. Акрамя таго, ямы і паглыбленні ў кургане сведчаць аб правядзенні несанкцыянаваных раскопак, што забаронена законам. Уласнікам курганнага могільніка з'яўляецца Бешанковіцкі сельсавет, якім падпісана адпаведнае ахоўнае абавязацельства, аднак меры па захаванасці і забеспячэнні належнага санітарнага стану помніка не прымаюцца.
У ходзе агляду каменя-следавіка і шанаванай крыніцы, размешчаных у 0,8 км. ад в.Астроўна і якія з'яўляюцца помнікам гісторыка-культурнай спадчыны 3 катэгорыі, выяўлена, што прылеглая тэрыторыя не добраўпарадкавана, парасла травой, ахоўная дошка адсутнічае, для абазначэння месцазнаходжання каменя і крыніцы мясцовымі жыхарамі ўстаноўлены металічны крыж. Пералічаныя парушэнні і недахопы, дапушчаныя пры ўтрыманні гісторыка-культурных каштоўнасцей, абцяжарваюць іх эстэтычнае ўспрыманне. Уласнікам аб'ектаў з'яўляецца СУП «Вядзерава», якім падпісана адпаведнае ахоўнае абавязацельства.
Пры абследаванні гарадзішча жалезнага веку (V ст. да н.э. – V ст. н.э.), размешчанага паблізу вёскі Яноўшчына (на месцы дзеючых грамадзянскіх могілак) і якое адносіцца да помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны 3 катэгорыі, устаноўлена, што яно ўтрымліваецца ў нездавальняючым стане, з тыльнага боку захламлена бытавым і могілкавым смеццем, зарасло хмызняком, драўляная агароджа зламана, на гарадзішчы адсутнічае ахоўная дошка, што істотна псуе знешні выгляд помніка і ўскладняе яго ўспрыманне ў якасці гісторыка-культурнай каштоўнасці. Уласнікам помніка з'яўляецца КСУП «Дразды-Агра», якім падпісана адпаведнае ахоўнае абавязацельства.
Пры абследаванні былога палаца XVII-першай паловы XVIII стагоддзя ў г.п.Бешанковічы, у якім размешчана школа мастацтваў, устаноўлена, што фасад будынка патрабуе неадкладнага рамонту, маюцца шматлікія расколіны ў сценах, расслаенні фундамента, падлягаюць замене аконныя блокі. Уласнікам будынка з'яўляецца аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бешанковіцкага райвыканкама.
Акрамя таго, не ўсімі ўласнікамі гісторыка-культурных каштоўнасцей аформлены пашпарты на аб'екты, у шэрагу выпадкаў адсутнічаюць праваўстанаўліваючыя дакументы на зямельныя ўчасткі і будынкі, не распрацаваны праекты ахоўных зон.
Па выніках праверкі пракуратурай раёна ўласнікам гісторыка-культурных каштоўнасцей вынесена 8 прадпісанняў аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства, а таксама ўнесена прадстаўленне старшыні Бешанковіцкага райвыканкама.
30.06.2016
Пракурор раёна
А.С. Шклярэўскі