Гісторыя
Бешанковіцкі раён мае багатую
гісторыю і глыбокія культурныя традыцыі.
Каля 11 тысяч гадоў
назад прыйшоў чалавек на Бешанковіцкую зямлю, вызваленую ад лёду, засяліў яе, пабудаваў свае паселішчы.
Жыў сваёй працай, змагаўся з ворагамі, якія не раз прыходзілі да нас,
спадзеючыся на багатую здабычу.
Упершыню паселішча згадваецца ў
гістарычных крыніцах ў 1447 годзе: «У 1447 годзе Казімір IV у памяць
выратавання сваёй жонкі ў дваццаты дзень ліпеня загадаў пабудаваць у Беларусі
шэсць цэркваў у імя Ільі - прарока па берагах рэк Дзвіны, Дняпра, Сожа: у Віцебску,
Бешанковічах, Магілёве, Крычаве, Оршы».
У другой палове
15 стагоддзя Бешанковічы ўваходзілі ў Крывінскую воласць Полацкага ваяводства. Каля 1490 года вялікі князь
літоўскі Казімір Ягелончык падарыў маёнтак Бешанковічы ў нашчадкавае валоданне
князю Сакалінскаму. З тых
часоў больш за 100 гадоў вёска належала князям Друцкім-Сакалінскім. Бешанковічы ўваходзілі ў склад Полацкага
княства, а з 1504 года -
Полацкага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. У 1552 годзе ў Бешанковічах
было 34 двары.
У
1605 годзе Сакалінскі прадаў Бешанковічы шляхціцам Язерскім, ад якіх ў 1615 годзе Бешанковічы
перайшлі да аршанскагамаршалка Адравонжа. У 1630 годзе Бешанковічы разам з іншымі
маёнткамі былі набытыя
канцлерам ВКЛ Львом Сапегам. Амаль два стагоддзі прадстаўнікі гэтага роду былі
звязаны з Бешанковіцкімкраем.
З 14 ліпеня 1632 года
Бешанковічы становяцца ўласнасцю сына Льва Сапегі - Казіміра Львовіча Сапегі. З
яго імем звязана развіццё гарадскога строя і гандлю ў Бешанковічах. Дзякуючы новаму ўладальніку мястэчка
ў 1634 годзе атрымала Магдэбургскае права. Гэта дазваляла Бешанковічам ладзіць два кірмашы ў год.
Сюды з'язджаліся да 4-5
тысяч чалавек з Прыдзвіння, Прыдняпроўя, іншых гарадоў і мястэчак, - як з
тэрыторыі сучаснай Беларусі, так і сучаснай Расіі, а таксама заходнееўрапейскія
купцы.
У гады Паўночнай
вайны 1700-1721 гг. рускі цар Пётр І тройчы спыняўся ў Бешанковічах.
З сярэдзіны 16-га
амаль да канца 18-га стагоддзя Бешанковіцкі край трапіў у валоданне да
прадстаўнікоў вялікага і магутнага роду Агінскіх.
У 1783 годзе
Бешанковічы сталі ўласнасцю Храптовіча. Ён пабудаваў тут новы палац, разбіў
парк і сад. Гэты палацава-паркавы ансамбль знаходзіцца ў цэнтры г.п.Бешанковічы. Ён складаецца з двух палацаў і парка. Парк у Бешанковічах займаў
значнае месца. Ён спускаўся да Заходняй Дзвіны. Згодна з паданнем, у парку пад
дубам быў разбіты шацёрНапалеона Банапарта, а сам імператар захацеў начаваць у маёнтку графа
Храптовіча.
Пасля другога
падзелу Рэчы Паспалітай з1793 да 1796 г. Бешанковічы ўваходзілі ў склад Лепельскага павета Полацкай
губерні. З 1796 г. пасля рэформы адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення Паўла
I - сталі цэнтрам воласці ў Беларускай губерні.
З 1802 г. Бешанковічы
становяцца цэнтрам воласці ў Віцебскай губерні, зноў увайшоўшы ў склад
Лепельскага павета.
У Айчынную вайну 1812
года ў Бешанковічах размяшчаўся французскі гарнізон і штаб Напалеона. У ліпені 1812 года Напалеон
знаходзіўся ў Бешанковічах разам з італьянскім віцэ-каралём Яўгенам Богарнэ і неапалітанскія каралём
Мюратам. Разам з Богарнэ падарожнічаў германскі
мастак Альбрэхт Адам, захавалася яго карціна «Напалеон і яго войскі пад
Бешанковічамі».
Бешанковічы
былі вызваленыя ад французаў 20 кастрычніка 1812 года рускімі войскамі на чале
з генералам Вітгенштэйнам.
У 1823 годзе ў
Бешанковічах сяляне зладзілі бунт.
У 1857 годзе
ўзнік пажар, які знішчыў
касцёл і царкву Пятра і
Паўла.
У 1868 г. у
мястэчку было 392 пабудовы; працавала народнае вучылішча, 2 гарбарні,
піваварнае прадпрыемства, 115 крам.
У 1876 году мястэчка
наведаў знакаміты дырыжор, кампазітар, мастак Напалеон Орда, які пакінуў
цудоўны малюнак палаца Храптовіча.
У 1897 годзе ў
Бешанковічах былі 1 099 будынкаў, працавалі пошта, тэлеграф, школа, 3 народных
вучылішчы, 127 лавак,
бальніца.
У 1917 годзе ў
Бешанковічах была ўсталяваная савецкая ўлада.
У 1922 годдзе Бешанковічы моцна пацярпелі ад
пажару. Згарэла 90% будынкаў. У 1931 году ад яшчэ аднаго пажару пацярпела
сінагога і школа габрэйскай абшчыны.
У 1924 годзе ўтвораны
Бешанковіцкі раён. Бешанковічы становяцца раённым цэнтрам Віцебскай акругі, а з 1938 году - Віцебскай
вобласці, атрымаўшы статус гарадскога пасёлка.
У ліпені 1932 году бюро райкама партыі прыняло рашэнне аб стварэнні раённай газеты. 12 жніўня таго ж года выйшаў першы нумар газеты пад назвай «Сталінец», якая ў 1956-м была перайменавана ў «За Радзіму», а з 1957-га выдаецца пад назвай "Зара».