Навіны раёна
22 сакавіка 2018 года
Чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы сярод інвалідаў па слыху стартуе ў Гомелі
6-ы чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы ў закрытых памяшканнях сярод інвалідаў па слыху стартуе сёння ў Гомелі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама.
Спаборніцтвы будуць праходзіць па 24 сакавіка. На старты ў Палацы лёгкай атлетыкі выйдуць каля 200 спартсменаў з 20 краін. У склад каманды Беларусі ўвайшлі 22 чалавекі.
Лёгкаатлеты пазмагаюцца за ўзнагароды ў такіх дысцыплінах, як бег на розныя дыстанцыі, скачкі ў даўжыню і вышыню, штурханне ядра, эстафеты і інш. Усяго сярод мужчын і жанчын будзе разыграна 33 камплекты ўзнагарод.
"Выканкам Еўрапейскага спартыўнага камітэта глухіх у 2016 годзе прадаставіў Беларусі права на правядзенне чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы ў закрытых памяшканнях сярод інвалідаў па слыху. У сакавіку мінулага года прадстаўнікі камітэта праінспектавалі гомельскі Палац лёгкай атлетыкі, высока ацанілі яго матэрыяльна-тэхнічную базу і далі згоду на правядзенне чэмпіянату", - расказалі ў Гомельскім абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па паралімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту.
У цэнтры адзначылі, што лёгкая атлетыка з'яўляецца адным з самых папулярных відаў спорту ў праграме Дэфлімпійскіх гульняў. Беларускія спартсмены на працягу многіх гадоў паказваюць высокія рэзультаты на чэмпіянатах Еўропы, свету, Дэфлімпійскіх гульнях і займаюць вядучыя пазіцыі на міжнародных пляцоўках. Правядзенне ў нашай краіне спартыўнага форуму сярод інвалідаў па слыху такога высокага ўзроўню будзе садзейнічаць папулярызацыі беларускай школы лёгкай атлетыкі на міжнароднай арэне, развіццю і ўмацаванню міжнародных сувязей са спартыўнымі арганізацыямі глухіх.