Навіны раёна
COVID-19: тэма прафілактыкі вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку выкліканых COVID-19, пастаянна знаходзіцца ў цэнтры ўвагі кіраўніцтва райвыканкама. На самыя актуальныя пытанні адказала старшыня Галіна Уладзіміраўна Унуковіч
Тэма прафілактыкі і пашырэння вострых
рэспіраторных інфекцый, у тым ліку выкліканых COVID-19, увесь час знаходзіцца ў
цэнтры ўвагі кіраўніцтва райвыканкама.
Мы папрасілі адказаць на самыя актуальныя пытанні і расставіць усе кропкі над «і» старшыню Бешанковіцкага раённага выканаўчага камітэта Галіну Уладзіміраўну Унуковіч.
– Галіна Уладзіміраўна, можаце агучыць агульную статыстыку захворвання на каранавірус у нашым раёне?
– Па стане на 17 красавіка 2020, у 28 жыхароў раёна пацверджаны каранавірус, з іх 4 чалавекі памерлі (1 чалавек працаздольнага ўзросту, 3 – пенсійнага). Што датычыцца колькасці пацыентаў, пралечаных у стацыянары з дыягназам «пнеўманія», то за 3 месяцы 2020 года лічба складае 19 чалавек, а за аналагічны перыяд 2019 года колькасць хворых склала 35. На сённяшні дзень з пнеўманіяй у ЦРБ ляжаць 55 чалавек (з іх 6 маюць станоўчы вынік тэсту на каранавірус). Пацыентаў жа, пралечаных з дыягназам «вострае рэспіраторнае захворванне», за 3 месяцы бягучага года – 1991 чалавек. У мінулым за гэты ж перыяд – 1942 пацыенты.
– Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра стан матэрыяльна-тэхнічнай базы ЦРБ? Наколькі праўдзівыя чуткі пра недахопы месцаў у аддзяленні рэанімацыі і 2 апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх?
– Наша бальніца абслугоўвае 15187 чалавек, у тым ліку 7585 дарослых і 2573 дзяцей і падлеткаў. Стацыянарная дапамога ажыццяўляецца на 131 койка-месцы, з якіх 88 кругласутачнага знаходжання, 20 дзённага, 13 сястрынскага догляду. Забяспечанасць складае 10,5 койка-месца на 1000 жыхароў пры норме 9,0 на 1000. Аддзяленне рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі разгорнута на 6 ложкаў, што адпавядае ўзроўню ЦРБ. Маецца 4 апараты ШВЛ, 8 кропак падводу кіслароду. Пры гэтым усім, хачу адзначыць, што на сённяшні дзень няма ніводнага пацыента, якому была б неабходна штучная вентыляцыя лёгкіх, а ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі знаходзіцца толькі адзін пацыент (хвароба не мае дачынення да інфекцыйных захворванняў).
У дадзенай неспрыяльнай эпідабстаноўцы на базе тэрапеўтычнага аддзялення існуюць 2 палаты інтэнсіўнай тэрапіі з 5 кропкамі падводу кіслароду. Запасы сродкаў індывідуальнай абароны для медыцынскіх работнікаў маюцца ў дастатковай колькасці, своечасова папаўняюцца. Раенным выканаўчым камітэтам выдаткаваны фінансавыя сродкі для іх набыцця, быў адкрыты дабрачынны рахунак, на які паступалі і паступаюць сродкі прадпрыемстваў і жыхароў раёна.
– Ці ёсць выпадкі заражэння сярод медыкаў?
– Так, на сенняшні дзень па выніках праведзеных тэстаў – адзін.
– Нягледзячы на ўсе цяжкасці, у раёне не ўведзены каранцін. Таму ўзнікае пытанне: якія меры прафілактыкі прымаюцца кіраўніцтвам раёна па зніжэнні распаўсюджвання вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку выкліканых COVID-19?
– Раён адрэагаваў аператыўна. Сфарміраваны штаб, распрацаваны і зацвержаны план дадатковых мерапрыемстваў па прафілактыцы і зніжэнні распаўсюджвання вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку выкліканых COVID-19.
На дадзены момант увядзенне каранціну не патрабуецца. Для таго каб пазбегнуць скаплення людзей, былі адмененыя ўсе масавыя мерапрыемствы. Немалазначным з’яўляецца і тое, што рабочыя прадпрыемстваў маюць права ўзяць працоўны адпачынак. Шмат хто скарыстаўся дадзенай магчымасцю, а тыя, хто застаўся, працягваюць працу і атрымліваюць стабільны заробак. Забяспечана работа дашкольных устаноў, пры гэтым бацькі самі прымаюць рашэнне адносна наведвання дадзеных устаноў дзецьмі. У той жа час месца захоўваецца за дзіцём, бацькоўская плата не спаганяецца. Ва ўстановах грамадскага харчавання таксама прыняты дадатковыя меры: сталы размешчаны на адлегласці не менш за 1,5 м адзін ад аднаго, маюцца сродкі для дэзынфекцыі, персанал працуе ў масках і пальчатках, скарочаны распарадак працы, адзін аб’ект («Рандэву») зачынены. Ва ўсіх арганізацыях асаблівая ўвага надаецца выкананню санітарна-эпідэміялагічных мерапрыемстваў. Акрамя гэтага прымаецца шэраг дадатковых мер.
– Раскажыце, калі ласка, пра забеспячэнне насельніцтва неабходнымі сродкамі прафілактыкі.
– На сённяшні дзень кожны жыхар мае магчымасць набыць сродкі індывідуальнага прымянення не толькі ў аптэках, але і ў гандлёвых аб’ектах райцэнтра, у тым ліку і ў сельскай мясцовасці. Запасы рэгулярна папаўняюцца.
Хачу адзначыць, што нашы прадпрыемствы («Бешанковічы КБА» і Бешанковіцкі філіял Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства) запусцілі вытворчасць бытавых сродкаў абароны органаў дыхання (масак) і забяспечылі імі большасць арганізацый раёна.
Аптэкі забяспечаны дадатковай колькасцю лекавых прэпаратаў для прафілактыкі вострых рэспіраторных вірусных інфекцый. Ёсць у належнай колькасці і сродкі для прафілактыкі прастудных захворванняў.
– Галіна Уладзіміраўна, што б вы хацелі пажадаць жыхарам нашага раёна?
– Па-першае, хачу падзякаваць медыкам за іх працу. Асабліва сёння, калі сітуацыя патрабуе максімальных намаганняў. На жаль, пандэмія каранавіруса набірае абароты, але чым адказней кожны з нас падыдзе да пытання асабістай бяспекі, тым хутчэй мы зможам пераадолець усе цяжкасці.
Паважаныя жыхары раёна, пазбягайце памяшканняў з вялікай колькасцю людзей, а калі вы ў зоне рызыкі – то і грамадскага транспарту. Мыйце рукі пасля вуліцы, перад ежай, перш чым дакранацца да носа, рота, вачэй. Высыпайцеся, не перагравайцеся. Ахапіце клопатам ваша старэйшае пакаленне, каб яны менш хадзілі ў крамы, на пошту і гэтак далей. Абмяжуйце турыстычныя паездкі і камандзіроўкі. Нават калі вы адчуваеце лёгкае недамаганне, лепш застаньцеся дома і прыміце меры самаізаляцыі, выклікайце ўрача.
Подробнее о профилактике COVID-19 читайте в разделе http://beshenkovichi.vitebsk-region.gov.by/ru/covid19-ru/