Навіны раёна
Муж і жонка Ткачонак з Бешанковічаў святкуюць Міжнародны дзень сям'і
Не памылюся, калі скажу, што самае каштоўнае, што ёсць у кожнага з нас, – гэта сям’я. У кагосьці яна вялікая, у кагосьці маленькая. Для кагосьці сям’я – гэта бацькі, для кагосьці – дзеці. Для Яўгена і Алесі Ткачонкаў, якія жывуць у райцэнтры, сям’я – гэта другая палоўка, вялікі дом і шмат дзяцей.
…Пазнаёміліся Алеся і Яўген у 2009 годзе. Яна тады працавала вахцёрам у інтэрнаце Ульскага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці імя Л. М. Даватара, ён вучыўся там жа на 3 курсе. Маладыя людзі спачатку толькі сябравалі, прыглядаліся, а потым зразумелі, што не могуць адзін без аднаго. Так у 2015 годзе з’явілася новая сям’я, якая з кожным годам усё мацнее і мацнее. Ну а як жа інакш? Сямейны саюз для іх – найвялікшая каштоўнасць, якую яны старанна аберагаюць ад спрэчак і бязладзіцы. А дапамагаюць ім у гэтым іх дзеткі: чатырнаццацігадовы Андрэй, трохгадовы Аляксандр і Кірыл, якому споўнілася восем месяцаў.
– Я заўсёды марыла, каб у мяне была вялікая і моцная сям’я, надзейны тыл, – распавядае гаспадыня дома. – У гэтым пытанні мы з Яўгенам цалкам супалі: для нас самае галоўнае – гэта сямейны дабрабыт. Клопат і ўвага майго мужа надаюць мне ўпэўненасць і спакой. А дзеці? Вы нават не ўяўляеце тую радасць, якая надыходзіць са з’яўленнем дзяцей. Складанасцяў, вядома, не пазбегнуць. Вы думаеце, чаму я адважылася на трэцяе дзіцяці… Мой муж дапамагаў мне ва ўсім, калі нарадзіўся Саша: ён яго купаў, спавіваў, дапамагаў карміць, не мог на яго надыхацца. Я зразумела, што з такім мужам мне нічога не страшна.
Летам мінулага года маладая сям’я пераехала ў новы дом у райцэнтры. Да гэтага жылі і працавалі ў Уле: Алеся – сакратаром вучэбнай частцы Ульскага ліцэя, Яўген – майстрам вытворчага навучання. Зараз галава сямейства працуе ва УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік» вадзіцелем. Шматдзетная мама даглядае дзіця, зразумела, вялікая частка хатніх абавязкаў ляжыць на яе плячах.
– Спраў у мяне шмат, але я стараюся не нервавацца і да многіх сітуацый ставіцца з гумарам, тым больш, што з паўсядзённай руцінай дапамагае спраўляцца муж, – працягвае Алеся. – Калі наш тата прыходзіць дадому, мы ўсе абавязкі выконваем разам. Нават калі ў нас і здараюцца канфлікты, то яны «гасяцца» неяк самі сабой, без высвятленняў адносін.
У выхаванні дзяцей муж і жонка стараюцца прытрымлівацца трох асноўных правіл: ставіцца да дзяцей так, як бы вы хацелі, каб яны ставіліся да вас, размаўляць з імі, як з дарослымі і ўмець прасіць прабачэння, калі таго патрабуе сітуацыя, і, безумоўна, асабісты прыклад бацькоў. Бо дзеці назіраюць за ўчынкамі дарослых, запамінаюць, а потым пачынаюць паўтараць.
Калі ў Алесі не хапае часу на хобі, то Яўген захапляецца рамонтам аўтамабіляў, спецыяльна для гэтага мужчына будуе гараж, дзе будзе займацца любімай справай. Ды і ў хаце бачна, што тут жыве сапраўдны гаспадар.
Час, праведзены ў гасцях у Ткачонкаў, яшчэ раз даказаў мне, што сямейнае шчасце ёсць, і жыве яно на вуліцы Даватара. З такой любоўю муж і жонка расказвалі пра сваё жыццё, пра сваіх дзяцей, што нават халоднае надвор’е за вакном не перашкодзіла мне абагрэцца ў іх душою.