Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Бешанковіцкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / / Навіны / / Навіны раёна

Навіны раёна

7 верасня 2020 года

На тарфяніку каля вёскі Асавец знойдзена каля сотні ўнікальных рэчаў

Колькі скарбаў мае наша родная зямля! Колькі хавае таямніц! Аднак паступова, з года ў год, раскрывае чалавеку некаторыя з іх. Сёлетняе лета адметнае — багатае на поспехі (у першую чаргу сельскагаспадарчыя — у раёне 10 «тысячнікаў» на ўборцы збожжавых і зернебабовых) і цікавыя падарожжы. Адно з іх і хочацца згадаць зараз.

Археалагічны лагер на беразе ракі Крывінкі з’яўляецца штогод. Навукоўцы нездарма называюць гэты археалагічны мікрарэгіён паўночнай Атлантыдай. Арганіка, тым больш родам з пачатку бронзавага веку, рэдка трапляе ў рукі археолагаў. Гэты ж тарфянік ля вёскі Асавец — сапраўдны Кландайк для даследчыкаў даўніны. Раскопкі вядуцца ўжо больш за паўстагоддзя і кожная экспедыцыя выяўляе новыя цікавыя знаходкі. Дзесяць сантыметраў — гэта сто гадоў гісторыі. Чым глыбей раскоп, тым далей у мінулае могуць зазірнуць навукоўцы. Торф сам па сабе з’яўляецца кансервантам, і разам з тым ён не прапускае кісларод, не дазваляючы развівацца бактэрыям гніення. Таму вырабы з арганічных матэрыялаў змаглі захавацца да нашых дзён.

На чале экспедыцыі — загадчык аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі Максім Міхайлавіч Чарняўскі. На гэты раз сакрэты бешанковіцкай зямлі даследавалі каля 50 аматараў вандровак, гісторыі і археалогіі. Сярод іх былі як студэнты гістарычнага факультэта, так і звычайныя падарожнікі, людзі з розных куткоў Беларусі, каго так вабяць сакрэты зямлі. У іх ліку нашы землякі — краязнаўца Станіслаў Леаненка і студэнт 4 курса гістарычнага факультэта БДУ Канстанцін Хвалюта. Нягледзячы на капрызы прыроды, ніхто не з’ехаў, усе заставаліся так доўга, як дазваляў асабісты час. Тут хочацца крыху адхіліцца ад тэмы і падзякаваць Бешанковіцкаму лясніцтву, а таксама дырэктару ДП «ПалітаддзелецАгра»А. І. Камовічу за супрацоўніцтва. Дзякуй, што адгукнуліся, дапамаглі, хто чым мог: забяспечылі археолагаў дровамі, навялі дарогу да месца раскопу, нават выдалі тэхніку, каб даследчыкі даставілі маставыя канструкцыі для переправы праз Крывінку…

Новы раскоп быў большым, чым у мінулым годзе, ён меў плошчу 16 м2. Верхні слой паселішча адносіцца да паўночна-беларускай археалагічнай культуры і датуецца пачаткам другога тысячагоддзя да нашай эры. Гэта значыць, знаходкам каля чатырох тысяч гадоў, а далей, па меркаванні навукоўцаў, могуць трапіцца і такія, чый узрост складзе 6 тысяч гадоў.
Археолагам, можна сказаць, зноў пашчасціла. Наканечнікі стрэл, касцяныя і крамянёвыя, нажы і скрабкі, шыла, элементы сякеры, керамічнага посуду і шмат упрыгожанняў (касцяныя падвескі, пранізкі, бусіны) — усяго каля 100 індывідуальных знаходак, артэфактаў паселішча перыяду сярэдняга і позняга неаліту і бронзавага веку. Аднак самай каштоўнай стала бурштынавая падвеска, знойдзеная, дарэчы, мясцовым аматарам гісторыі. Канстанцін Хвалюта ўпершыню завітаў на раскопкі гадоў пяць таму, вядома, нічога не знайшоў, але запал не знік. Як прызнаўся сам хлопец, ехаў сюды мэтанакіравана, каб абавязкова адшукаць што-небудзь каштоўнае. Затое сёлетні жнівень запомніцца надоўга: столькі эмоцый прынёс бурштынавы амулет, якому чатыры тысячы гадоў. Нарэшце час, калі зямля хавала яго, скончаны…

"Зара"

Вярнуцца