Навіны раёна
Прырода Прыдзвінскага краю ў надзейных руках эколагаў Бешанковіцкага раёна
Бешанковіцкі раён дзіўны сваім прыродным багаццем, наша агульная задача – максімальна беражліва, разумна ім карыстацца. Цэлым комплексам мер па ахове прыроды Бешанковіччыны займаецца раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Кіруе працай інспекцыі Сяргей Аляксандравіч Карась, а дапамагае яму галоўны спецыяліст Таццяна Сяргееўна Грыгор’ева.
– У першую чаргу мы ажыццяўляем кантроль за выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства, – расказвае Сяргей Аляксандравіч. – Рэгулярна наведваем прадпрыемствы, арганізацыі, аб’екты дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў, сельскія выканаўчыя камітэты. Падчас такіх візітаў правяраецца стан ачышчальных збудаванняў, абыходжанне з адходамі вытворчасці, санітарны стан тэрыторый, а таксама выкананне іншых патрабаванняў.
За пяць месяцаў бягучага года інспекцыяй праведзена 35 маніторынгаў, па выніках якіх выдадзены рэкамендацыі аб устараненні выяўленых парушэнняў. Складзена 18 пратаколаў аб адміністрацыйных парушэннях. Агульная сума штрафаў – 4 тысячы 469 рублёў. Як правіла, гэта парушэнні абыходжання з адходамі, хаця ў раёне налічваецца 129 кантэйнераў для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў і 78 – для змешаных, рэгулярна працуюць смеццявозы. Два чалавекі пакараныя за незаконную рубку дрэў. Гэта прымусіць наступны раз задумацца, перш як секчы дрэвы ў неналежным месцы.
Карысна будзе нагадаць, што на тэрыторыі нашага раёна маецца шэсць асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, дзе сустракаюцца расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, два месцы пражывання барсука і адно – шэрага жураўля. У гэтым годзе рашэннем раённага выканаўчага камітэта пад ахову ДЛГУ «Бешанковіцкі лясгас» былі перададзены тры тыповыя біятопы (часткі тэрыторый з аднароднымі ўмовамі пражывання, вырастання пэўных відаў раслін і жывёл), якія валодаюць асаблівай каштоўнасцю. Размешчаны яны на тэрыторыі Пяцігарскага лясніцтва.
– Сумесна з іншымі арганізацыямі і ўстановамі раёна мы ўдзельнічаем у розных акцыях і мерапрыемствах па навядзенні парадку ў населеных пунктах і за іх межамі, месцах масавага адпачынку насельніцтва, на тэрыторыях лясных масіваў, прыбярэжных палос вадаёмаў, – дапаўняе Таццяна Сяргееўна. – Абавязкова кожны год 22 верасня мы праводзім міжнародную акцыю «Дзень без аўтамабіля», якая ўжо знайшла сваіх пастаянных удзельнікаў. Яна заклікае грамадзян хоць на адзін дзень адмовіцца ад аўтатранспарту. Гэта дазваляе хоць і нязначна, але зменшыць выкід у атмасферу шкодных рэчываў. Актыўна ўдзельнічаем таксама ў акцыях «Тыдзень лесу», «Чысты лес», «Чысты вадаём» і іншых. Дарэчы, у лістападзе бягучага года ў Мінску адбудзецца VI Міжнародны Водны Форум «Крыніцы Беларусі». У сувязі з гэтым да Сусветнага дня аховы навакольнага асяроддзя, а таксама ў межах кампаніі «Уладкуем малую радзіму» інспекцыя плануе правесці акцыю па добраўпарадкаванні «Лясной крынічкі» (на беразе ракі Крывінкі) з удзелам ДЛГУ «Бешанковіцкі лясгас», РК ГА «БРСМ» і раённага аб’яднання прафсаюзаў. Далучыцца да акцыі запрашаем таксама ўсіх жадаючых.