Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Бешанковіцкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / / Навіны / / Навіны раёна

Навіны раёна

22 сакавіка 2024 года

Сёння, 22 сакавіка, Дзень памяці Хатынскай трагедыі

Вялікая Айчынная вайна для нашага народа стала часам непраходзячага смутку. Загінулі ў баях, загінулі ў канцлагерах, згарэлі ў агні Хатыні многія жыхары Беларусі. Не ўсе паспелі стварыць сем'і, даведацца пра шчасце мацярынства або бацькоўства. Таму падзяка ім, памяць пра іх ніколі не павінны памеркнуць у нашай памяці, памяці іх нашчадкаў, якія жывуць пад мірным небам, глядзяць у заўтрашні дзень з аптымізмам.
Трагедыя Хатыні - толькі адзін з тысяч фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду ў адносінах да насельніцтва Беларусі, што на працягу ўсяго перыяду акупацыі ў Вялікую Айчынную ажыццяўлялі нацысты.
Сёння ў гісторыі Хатынскай трагедыі няма белых плям. Падзеі таго страшнага дня адноўлены па крупінках як матэрыяламі крымінальных спраў мінулых гадоў, архіўнымі дакументамі, так і вынікамі расследавання сучаснай крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
... Раніцай 22 сакавіка 1943 года ў 6 км ад в. Хатынь партызаны абстралялі аўтакалону фашыстаў. У выніку нападу быў забіты нямецкі афіцэр.
Для пераследу партызан нямецкімі захопнікамі былі выкліканы падраздзяленні 118-га батальёна шуцманшафта (дапаможнай ахоўнай паліцыі; касцяк батальёна быў сфармаваны ў Польшчы, далей — у г. Кіеве) і нямецкая рота зондэрбатальёна СС "Дзірлевангер" (на рахунку гэтага батальёна — звыш 120 тыс. забітых савецкіх грамадзян; толькі ў Мінскай і Магілёўскай абласцях гэтыя карнікі спалілі разам з людзьмі больш за 150 населеных пунктаў).
У гэты ж дзень карнікі з'явіліся ў Хатыні. Калі падышлі да вёскі, пачалася перастрэлка. Партызаны сышлі з населенага пункта, страціўшы некалькі чалавек. Карнікі пераследваць іх не сталі, а заняліся вёскай. Сагналі людзей у хлеў і падпалілі, тых жа, хто спрабаваў выбегчы з агню, расстрэльвалі. Усяго знішчылі 149 чалавек, у ліку якіх было 75 дзяцей. Выратавацца змаглі толькі 6 дзяцей і 1 дарослы. Вёска, усе 26 двароў, была цалкам спалена.
Гісторыю, падобную да Хатыні, маюць многія беларускія вёскі, у тым ліку і нашага раёна. За гады гітлераўскай акупацыі на Бешанковіччыне поўнасцю або часткова спалена больш за 100 населеных пунктаў, знішчана больш за 10 тысяч мірных жыхароў, каля 2 тысяч сагнана ў нямецкае рабства. Пасля вайны не адрадзіліся вёскі Каранёва, Свіціна, Якубоўшчына, Шляхціцы. Вёска Каранёва падзяліла лёс Хатыні - была спалена разам з жыхарамі…
З мэтай паглыблення ведаў вучняў аб гістарычным мінулым беларускага народа, аб трагічных падзеях у Хатыні, фактах генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, фарміравання адмоўнага стаўлення да гвалту ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі 22 сакавіка будзе праведзены адзіны ўрок, прысвечаны гадавіне трагедыі ў вёсцы Хатынь.
Шэраг мерапрыемстваў падрыхтавалі бібліятэкі Прыдзвіння. Цэнтральная раённая бібліятэка, напрыклад, да гэтай даты арганізуе гутарку ля кніжнай выставы "Хатынь. Наша гісторыя. Наша памяць", філіял "Драздоўская сельская бібліятэка" – гадзіна памяці "Хатынь – гэта памяць усіх!", гадзіна памяці "Хатынь. Памяць і боль" – філіял "Ржаўская сельская бібліятэка".
Тэматычнае мерапрыемства ў СШ №1 г.п. Бешанковічы імя I.I. Строчка правядзе раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Старшы навуковы супрацоўнік Станіслаў Леаненка падчас гадзіны-рэквіема "Хатынская трагедыя" распавядзе навучэнцам пра вёску Хатынь, якая стала нястомным болем у сэрцах беларусаў. Пра абавязак сучаснікаў свята захоўваць памяць аб загінуўшых, каб абараніць праўду аб той страшнай вайне, зберагчы і ўмацаваць адзінства нашай краіны.
"Зара"

 

 


 

Вярнуцца