Навіны раёна
3 верасня 2021 года
Турзлет Бешанковіцкага раёна збірае сяброў
Вогнішчы, песні пад гітару, амаль вайсковыя палосы перашкод і сумеснае пераадоленне цяжкасцяў паходнага жыцця - з 10 па 12 верасня ў Бараўцах пройдзе трохдзённы раённы турыстскі злёт, прысвечаны Году народнага адзінства.
Для ўдзелу ў мерапрыемстве запрашаюцца ўсе арганізацыі раёна (можна і зборныя каманды), якія хочуць праверыць сваю цягавітасць, прадэманстраваць свае фізічныя, артыстычныя і кулінарныя навыкі. Арганізатары падрыхтавалі для ўдзельнікаў каля дзясятка конкурсаў: творчыя спаборніцтвы, валейбол, перацягванне каната, дартс і іншыя. Не сумнявайцеся, аматараў актыўнага адпачынку чакае шмат станоўчых эмоцый, ну і, вядома ж, заслужаныя ўзнагароды за перамогу ў спаборніцтвах.
Каб стаць паўнапраўнымі ўдзельнікамі турзлёта, неабходна да 8 верасня падаць заяўку (патэлефанаваць па нумары 6-05-34 або напісаць на электронную пошту ФСК «Дзвіна»: behenkovichi-sport@mail.ru). Умовы - пры сабе неабходна мець рыштунак для пражывання і харчавання ў палявых умовах, склад каманды - не больш за 15 чалавек (мінімальны - 9, з якіх 6 мужчын і 3 жанчыны).
Турыстычны злёт - выдатная падзея, каб пагутарыць, пасябраваць і адцягнуцца ад паўсядзённай мітусні.