Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Бешанковіцкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / / Навіны / / Навіны раёна

Навіны раёна

16 чэрвеня 2020 года

У Атласе дружбы з’явяцца бешанковіцкія старонкі

Усё далей углыб гісторыі адыходзяць гераічныя і трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, палітычная сітуацыя ў сучасным свеце складваецца так, што як ніколі востра паўстае пытанне аб абароне Вялікай Перамогі, супрацьстаянні фальсіфікатарам, якія прыніжаюць яе значнасць, перапісваюць вынікі вайны на свой лад. Але Беларусь і брацкая Расія актыўна супрацьстаяць падобнаму экстрэмізму. Сумесныя патрыятычныя мерапрыемствы па ўшанаванні памяці загінуўшых абаронцаў Радзімы, супрацьдзеянні скажэнню ацэнкі іх подзвігу таму пацверджанне.

   На тэрыторыі Віцебшчыны такія значныя ініцыятывы рэалізуюцца з 2016 года. Самыя папулярныя сярод іх — міжнародныя патрыятычныя аўтапрабегі “Дарогі вайны. Дарогі міру. Дарогі памяці” (за гэты час праведзена ўжо чатыры аўтапрабегі). Асноўным партнёрам і сувыканаўцам гэтай грамадскай нагрузкі з расійскага боку з’яўляецца Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Смаленскай вобласці, якую ўзначальвае Сяргей Расціслававіч Крыўко.

  — На працягу апошніх гадоў намі пройдзены маршрут больш чым у 10 рэгіёнах Расіі і Беларусі, — расказвае Сяргей Расціслававіч. — Дзякуючы такому фармату патрыятычнай работы мы змаглі распрацаваць і стварыць унікальны Атлас Памяці, у якім прыведзены адрасы і GPS каардынаты помнікаў савецкім воінам, брацкіх пахаванняў, воінскіх мемарыялаў з гісторыяй іх з’яўлення, апісаннем баявых падзей. А ў мінулым годзе пачалася сумесная праца па выданні Атласа дружбы. Праўда, свае карэктывы ў нашы планы ўнесла пандэмія каранавіруса, уведзеныя абмежаванні паўплывалі на аператыўнасць выканання пастаўленай задачы, але пагрозы зрыву праекта мы не бачым.

   Такія надзеі нашы расійскія суседзі звязваюць у першую чаргу з досыць вялікім вопытам супрацоўніцтва з беларускімі партнёрамі.

   — Актывісты з раёнаў Віцебскай вобласці для нас — сапраўдныя баявыя таварышы, — працягнуў С. Р. Крыўко. — Гэта менавіта яны аберагаюць кожны помнік, вядуць актыўную патрыятычную работу, з’яўляюцца шчырымі, неабыякавымі людзьмі. Першым нашым партнёрам з беларускага боку стала Глыбокае, асаблівая падтрымка была аказана дэпутатамі раённага Савета дэпутатаў. З тых часоў наш рух толькі пашыраўся, цяпер у праектах задзейнічана больш за 25 прадстаўнікоў раённага звяна ў абласцях Памежжа. У 2019 годзе, напрыклад, да добрай справы падключыліся Талачын, Шаркаўшчына, Ушачы, Полацк. Але на гэтым мы не спыняемся, спадзяёмся, што ў бягучым годзе ўсе райцэнтры Віцебшчыны стануць удзельнікамі міжнароднага патрыятычнага праекта.

    Дарэчы, у цяперашні час Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Смаленскай вобласці працуе над змяненнем маршруту Пятага патрыятычнага аўтапрабегу “Дарогі вайны. Дарогі міру. Дарогі памяці”, каб лінія руху яго ўдзельнікаў прайшла і па бешанковіцкай зямлі (аб супрацоўніцтве ў гэтым напрамку С. Р. Крыўко і старшыня раённага выканаўчага камітэта Г. У. Унуковіч дамовіліся яшчэ вясной гэтага года).

    — Думаю, наша ўзаемадзеянне стане даволі плённым, — выказаў упэўненасць С. Р. Крыўко. — Пасля таго, як будзе пракладзены першы шлях, то і астатнія праграмы падцягнуцца, каб гісторыя вашага краю магла быць замацавана ў нашых выданнях. Асабліва гэта тычыцца Атласа дружбы, які спалучае ў сабе не толькі гістарычныя дадзеныя, звесткі аб дасягненнях землякоў, але і рэаліі цяперашняга часу, прагнозы на будучыню. Пакуль нашы зносіны з раённай уладай ажыццяўляюцца з дапамогай тэлефонных камунікацый і магчымасцяў інтэрнэту, але ў бліжэйшы час мы плануем правесці “жывыя” сустрэчы, каб больш шчыльна выкарыстоўваць у сваёй працы ўсе дакументальныя і тэхнічныя напрацоўкі. Ведаю, што 26 чэрвеня Бешанковіччына адзначыць 76-годдзе з Дня вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Напярэдадні гэтай      значнай даты ад усяго сэрца жадаю бешанковіцкаму краю далейшага росквіту, а яго жыхарам – шчасця, моцнага здароўя, радасці, аптымізму, дабрабыту і поспехаў! Няхай жыццё кожнай сям’і будзе напоўнена душэўным цяплом, святлом і дабрынёй! Да хуткай сустрэчы на ​​вашай зямлі і старонках Атласа дружбы!

"Зара"

Вярнуцца