Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Бешанковіцкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / / Навіны / / Навіны раёна

Навіны раёна

21 студзеня 2021 года

У Бешанковічах прайшло адно з найвялікшых хрысціянскіх святаў - Вадохрышча

У аўторак праваслаўныя вернікі адсвяткавалі Вадохрышча або Богаяўленне. Лічыцца, што ў гэты дзень паміж водамі нябеснымі і зямнымі з’яўляецца нябачная сувязь і яны надзяляюцца цудадзейнымі якасцямі. Вада, асвечаная ў храме, прымяняецца пры любой нагодзе: у бядзе і радасці, калі чалавек нараджаецца, хварэе і ў час апошняга развітання.

Жыхары нашага раёна з самай раніцы прыйшлі да Свята-Ільінскай царквы, каб набраць святой вады для сябе і сваіх блізкіх, прыняць удзел ва ўрачыстай службе. Праўда, сёлета з-за каранавіруснай інфекцыі людзей было значна менш, чым у папярэднія гады.

Старажытную народную традыцыю — купацца на Вадохрышча — беларусы захоўваюць да нашых дзён: 19 студзеня адзначаецца хрышчэнне Ісуса Хрыста ў рацэ Іардан Іаанам Хрысціцелем. Таму на сажалцы ля цэнтральнай раённай бальніцы была абсталявана купель. Каб далучыцца да святкавання Хрышчэння Гасподня, паглядзець на тых, хто будзе акунацца ў ледзяную ваду альбо акунуцца самім, ля яе сабраліся жыхары і госці райцэнтра. Асвячэнне вады правёў настаяцель Свята-Ільінскага храма протаіерэй Віталь Кісель, які пасля богаслужэння ў храме і тут здзейсніў малебен, шчыра павіншаваў вернікаў са святам Богаяўлення, пажадаў усім умацавання сіл і моцнага здароўя.

Падчас свята на вадаёме дзяжурылі выратавальнікі, медыкі, міліцыя, члены раённай арганізацыі РДГА «Беларускае рэспубліканскае таварыства ратавання на водах». На беразе гарэла вялікае вогнішча, ля якога можна было сагрэцца, стаялі палаткі з гарачай гарбатай і для пераапранання, гучала музыка.
Вадохрышчанскія маразы за дваццаць у гэты дзень крыху адступілі, таму жадаючым апусціцца ў палонку, прасечаную ў выглядзе крыжа, з надвор’ем пашанцавала. Пасля асвячэння іардані да ледзяной купелі з абсталяваным падыходам і спускам да вады накіраваліся бешанкавічане.
— Для нас гэта не «спартыўны» подзвіг, а магчымасць ачысціць душу, узмацніць веру, — гаварылі людзі.
Па словах свяшчэннаслужыцеляў, вадохрышчанскія купанні — гэта традыцыя, радаснае дапаўненне, якое стварае асаблівую атмасферу. Аднак галоўнае ў час свята — гэта малітва і сустрэча з Госпадам праз прычасце, бо толькі ў яднанні з царкоўнымі таінствамі купанне ў іарданях мае сэнс. Для душэўнага ператварэння неабходна вера…

"Зара"


 
Вярнуцца