Навіны раёна
23 верасня 2019 года
У Бешанковіцкім раёне праходзіць рэспубліканская акцыя "Сям'я без гвалту»
Штотыдзень у рамках міжведамаснай рэспубліканскай акцыі "Сям'я без гвалту» работнікі адукацыі, медыцыны, сацыяльнай сферы, міліцыі, выратавальнікі наведваюць сем'і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У адным з такіх рэйдаў пабывала карэспандэнт раённай газеты.
Галоўная задача, якая стаіць перад усімі суб'ектамі прафілактыкі, - як мага раней выявіць сямейны недабрабыт, захаваць дзіцяці ў біялагічнай сям'і і дапамагчы спатыкнуўшымся бацькам пачаць новае жыццё, прадухіліць канфлікты, памылкі бацькоў у выхаванні дзяцей. Бо іх, як і любое захворванне, лягчэй папярэдзіць.
У гэты раз мы пабывалі ў сем'ях, якія пражываюць на тэрыторыі Бешанковіцкага сельсавета. Многія з іх ужо выйшлі з катэгорыі СОПаўскіх, але працягваюць знаходзіцца пад кантролем адпаведных службаў.
У ходзе рэйду асаблівая ўвага была нададзена выкананню ў домаўладаннях мер бяспечнага пражывання. Некаторых гаспадароў не засталі дома, у тых дамах, дзе нам усё ж адчынілі дзверы, бацькі былі азнаёмленыя з наступствамі парушэнняў нормаў і правілаў пажарнай бяспекі, няправільнай эксплуатацыі электрабытавых прыбораў і карысці устаноўленых аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Спецыялісты СПЦ, ІСН, РАНС распавядалі аб недапушчальнасці пакідання малалетніх дзяцей без нагляду, курэння ў стане алкагольнага ап'янення ў жылых памяшканнях, а таксама катэгарычным выключэнні ўжывання спіртных напояў і неабходнасці захавання здавальняючых санітарна-бытавых умоваў у доме.
Многія сем'і не здзіўляліся візіту нечаканых гасцей і з парога рапартавалі, што ў іх усё добра. На жаль, так было не ва ўсіх. Рэйдавая група, пакуль не здарылася бяды, рэкамендавала домаўладальнікам у самыя кароткія тэрміны выправіць названыя недахопы.
Рэйд паказаў, што яшчэ ёсць над чым працаваць. Рашэнне шматлікіх праблем залежыць не толькі ад службаў, якія імі займаюцца, а, у першую чаргу, ад саміх людзей, тых, хто збочыў з правільнага шляху, але мае жаданне пачаць жыццё з чыстага ліста.