Навіны раёна
11 мая 2022 года
У Бешанковіцкім раёне пройдзе турзлёт, прысвечаны Году гістарычнай памяці
Вабіць сваім цяплом сонечны май. І аматары актыўнага адпачынку, не разважаючы, збіраюцца ў дарогу. Самы час рыхтаваць заплечнік, бо з 20 па 22 мая у Бараўцах сяброў збірае раённы турзлёт, прысвечаны Году гістарычнай памяці .
Паўдзельнічаць у штогадовым спаборніцтве запрашаюць прадстаўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў (а таксама зборныя каманды аграгарадкоў), словам, усіх, хто за актыўны лад жыцця. Склад каманды - 15 чалавек (мінімальны - 9, з іх 6 мужчын і 3 жанчыны), пацвердзіць удзел можна ў ФСК «Дзвіна», заяўкі прымаюцца да 18 мая па нумары 6-05-34. Арганізатары падрыхтавалі для ўдзельнікаў нямала іспытаў. У праграме мерапрыемства: тэхніка пешаходнага турызму, трыятлон, валейбол, дартс, перацягванне каната, жартоўная паласа перашкод, конкурсы мастацкай самадзейнасці, кулінараў і турыстычнага побыту. Не сумнявайцеся, актыўных і спартовых чакае маса дадатных эмоцый і, вядома, заслужаныя ўзнагароды за перамогу. Турыстычны злёт - не толькі магчымасць адцягнуцца ад паўсядзённай мітусні, але і месца, дзе знаходзяць сяброў. Вогнішчы, песні пад гітару, амаль армейскія палосы перашкод і сумеснае пераадоленне цяжкасцей паходнага жыцця аб'яднаюць усіх, хто не баіцца праверыць сваю цягавітасць у палявых умовах, прадэманстраваць фізічныя, артыстычныя і кулінарныя навыкі.