Навіны раёна
У час рэспубліканскага суботніка ў Бешанковіцкім раёне на вызначаных аб’ектах вяліся работы па добраўпарадкаванні і прывядзенні ў належны стан помнікаў, месц баявой і воінскай славы, воінскіх пахаванняў
З працоўным запалам, пры актыўным удзеле жыхароў раёна 25 красавіка на Бешанковіччыне прайшоў рэспубліканскі суботнік. На вызначаных аб’ектах вяліся работы па добраўпарадкаванні і прывядзенні ў належны стан помнікаў, месцаў баявой і воінскай славы, пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама па добраўпарадкаванні тэрыторый райцэнтра і сельскіх населеных пунктаў.
Хочацца адзначыць, што кожны знайшоў прымяненне сваім сілам. А талакой любая справа ладзіцца. Нават надвор’е не перашкаджала рабоце, бо настрой ва ўсіх быў бадзёры. Напрыклад, супрацоўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і ТЦСАН адправіліся ў вёску Дабрыгоры, каб прывесці ў належны стан парк «Саломінка», які адносіцца да помнікаў архітэктуры і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Працоўны дэсант Бешанковіцкага раёна газазабеспячэння дружна займаўся добраўпарадкаваннем тэрыторыі ля адміністрацыйнага будынка: абнаўлялі аб’екты малых архітэктурных формаў, упрыгожвалі кветнікі. Адначасова вяліся работы па добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў у аграгарадку Свяча і вёсцы Слабодка.
Заўсёды прымаюць актыўны ўдзел у добрых пачынаннях і супрацоўнікі раённага выканаўчага камітэта. На чале са старшынёй райвыканкама Г. У. Унуковіч яны бялілі дрэвы ў парку Камсамольцаў і займаліся акультурваннем клумбы ля райвыканкама. Як руплівыя гаспадары працавалі члены Бешанковіцкай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» пад кіраўніцтвам яе старшыні Андрэя Уладзіміравіча Буйлова, яны бялілі і саджалі дрэвы.
Лідары і члены РК ГА «БРСМ» у гэты дзень аказвалі дапамогу па гаспадарцы вэтэрану Вялікай Айчыннай вайны Гені Нісанаўне Умецкай.
З самай раніцы кіпела праца каля брацкай магілы ў вёсцы Пажарышча, дзе клапатліва працавалі супрацоўнікі РАНС. Не сядзелі без справы і супрацоўнікі ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў. Яны займаліся навядзеннем парадку ля адміністрацыйнага будынка, у цэнтральным парку гарпасёлка і на грамадзянскіх могілках у вёсцы Берасні (прыводзілі ў парадак два воінскіх пахаванні). Шматлюдна было і на вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры, дзе чысцілі спуск да ручая супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў. Асаблівую ўвагу надалі ў гэты дзень землякі і добраўпарадкаванню тэрыторый могілак і дарог, якія вядуць да іх.
У такіх мерапрыемствах, правядзенне якіх стала ўжо добрай традыцыяй, ёсць і сур’ёзная эканамічная складаючая. У гэтым годзе, напрыклад, па інфармацыі аддзела эканомікі раённага выканаўчага камітэта, на суботніку планавалася зарабіць каля 12,7 тысячы рублёў. Удзел у ім прынялі больш за 4,5 тысячы чалавек. Кожны зароблены рубель пойдзе на добрыя мэты.
Алена МАРОЗАВА, http://www.gztzara.by/2020/04/v-beshenkovichskom-rajone-proshjol-respublikanskij-subbotnik/