Навіны раёна
У чытальнай зале Бешанковіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі адкрылася незвычайная выстава «Цэгла роднага краю»
Цікавую калекцыю сабраў мясцовы гісторык-краязнаўца Станіслаў Пятровіч Леаненка.
Усе цагліны былі вырабленыя ў нашай мясцовасці ў ХVIII і XIX стагоддзях на розных заводах. У тыя далёкія часы пры кожным буйным маёнтку была свая цагельня.
Падарожнічаючы па розных населеных пунктах Прыдзвіння, у тым ліку па закінутых вёсках, дзе не засталося жыхароў, а пустыя хаты сталі нямымі сведкамі гісторыі, Станіслаў Пятровіч стаў збіраць цагліны з разбураных печаў і звярнуў увагу на разнастайнасць будаўнічых матэрыялаў мінулых гадоў.
Так паступова і з'явілася цэлая калекцыя, якая ўключае больш за 42 экспанаты, якія адрозніваюцца сваімі памерамі, формамі, колерам. Многія экспанаты маюць сваё ўласнае кляймо ў выглядзе літары, характэрнае для завода-вытворцы. Напрыклад, цагліна, якая мае кляймо з літарай «Б», была выраблены на Бешанковіцкім заводзе.
На многіх цаглінах захаваліся сляды жывёл і адбіткі пальцаў рук людзей.
Такую незвычайную выставу варта наведаць кожнаму.