Навіны раёна
У Вярхоўским Доме культуры сумаваць не даводзіцца
Ні для каго не сакрэт, што на сяле забаў мала. Аднастайнасці сельскага жыцця шмат у чым «перашкаджае» работа Дома культуры. Гэта, так сказаць, сэрца сяла, жывы арганізм…
Вярхоўскі СДК. Загадвае ім Жанна Валер’еўна Бурак, якая аддала служэнню культуры 25 гадоў. Разам з ёй працу ўстановы арганізоўваюць кіраўнік народнага клуба аматараў беларускай нацыянальнай кухні, фальклору і гульні «Бараболя» Наталля Юр’еўна Асташонак, рэжысёр Алег Дзмітрыевіч Акуневіч і акампаніятар Вольга Фёдараўна Феакцістава. Іх нязменны памочнік – бібліятэкар Вярхоўскай сельскай бібліятэкі Галіна Мікалаеўна Курмель.
Тут вяскоўцы бавяць час, развіваюць творчыя здольнасці і адкрываюць новыя таленты. Для гэтага дзейнічаюць шэсць гурткоў, дзе могуць бліснуць сваімі ўменнямі як моладзь, так і прадстаўнікі старэйшага пакалення. Праўда, цяпер масавых мерапрыемстваў няма, даводзіцца працаваць дыстанцыйна. Але ў такіх знаходлівых, ініцыятыўных людзей, якія не ўмеюць сядзець без справы, шмат ідэй, як разнастаіць жыццё аднавяскоўцаў.
Напрыклад, да Міжнароднага дня абароны дзяцей вярхоўскія культработнікі падрыхтавалі фотамарафон «Вось яно шчасце!», акцыю «Адважвайся – ты талент!». Удзельнікі тэатра мініяцюр «Забава» паставілі спектакль «Мы лічым да пяці», які дзеці змогуць паглядзець у інтэрнэце.
Сёлета культработнікі запланавалі правядзенне свята вуліцы Савецкай у аграгарадку Вярхоўе, святы вёсак Селішча («Маёй радзімы куточак дарагі») і Луг («Вёска родная, ты нас люляла»). Адсвяткуюць у Вярхоўі і Купалле, як заўсёды ў добрых старадаўніх традыцыях.
Да арганізацыі любога мерапрыемства ў Жанны Валер’еўны Бурак і яе калег падыход асаблівы, яны прадумваюць усё да дробязяў, каб здзівіць аднавяскоўцаў нечым новым, незвычайным і крэатыўным.