Спакойна і без здарэнняў. Як у Віцебскай вобласці прайшла выбарчая кампанія

Электаральная кампацыя на тэрыторыіі Віцебскай вобласці прайшла ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам і без здарэнняў. Пра гэта журналістам на брыфінгу распавёў старшыня абласной выбарчай камісіі Дзмітрый Хома.

"Выбары Прэзідэнта на тэрыторыіі Віцебскай вобласці прайшлі ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам Беларусі. Усе этапы прайшлі ў дакладнай адпаведнасці. Быў прароблены велізарны аб'ём працы і органаў мясцовай улады, і членаў тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій. Тая атмасфера, якая панавала ў момант датэрміновага галасавання і асабліва ў асноўны дзень галасавання, была святочнай, спакойнай. Былі забяспечаны камфортныя ўмовы для членаў выбарчых камісій. Асаблівыя словы падзякі праваахоўнаму блоку, органам унутраных спраў. На ўсіх участках дзяжурылі службы хуткай медыцынскай дапамогі, работнікі МНС, што стварыла бяспечную абстаноўку", - падкрэсліў Дзмітрый Хома.

Ён адзначыў, што выбаршчыкі таксама былі добразычлівымі падчас галасавання. "Нейкіх правакацый і здарэнняў у ходзе датэрміновага галасавання і ў асноўны дзень галасавання не дапушчана, як і грубых парушэнняў. Мелі месца асобныя выпадкі фатаграфавання бюлетэняў. Выпадкаў вынасу бюлетэняў і выдалення назіральнікаў не зафіксавана. Хочацца адзначыць, што на тэрыторыіі вобласці працавалі больш за 30 міжнародных назіральнікаў. Ад іх ніякіх заўваг не паступіла", - паведаміў старшыня абласной выбарчай камісіі.

Дзмітрый Хома распавёў, што міжнародныя назіральнікі акрамя асноўнай місіі таксама дзеляцца вопытам электаральных кампаній у сваіх краінах і чэрпаюць станоўчы вопыт Беларусі.

Старшыня абласной выбарчай камісіі праінфармаваў, што прагноз па крыху ніжэйшай яўцы на выбары ў гарадах пацвердзіўся. Сярод самых актыўных раёнаў апынуўся Докшыцкі, дзе на галасаванне прыйшлі больш за 94% жыхароў. Таксама больш за 90% выбаршчыкаў прынялі ўдзел у выбарах у Расонскім, Бешанковіцкім і Шаркаўшчынскім раёнах. "У сельскай мясцовасці заўсёды высокая яўка, і гэта звязана з дакладнасцю працы камісій па арганізацыі галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў", - сказаў Дзмітрый Хома.

Ён нагадаў, што змены ў выбарчым заканадаўстве, у прыватнасці па колькасці скрынь для надомнага галасавання, былі ініцыяваны ў тым ліку Віцебскай вобласцю, дзе вялікі роскід населеных пунктаў з малой колькасцю жыхароў. Калі раней для гэтага дазвалялася выкарыстоўваць тры скрыні, то цяперапускаецца пяць. У рэгіёне скарысталіся такой магчымасцю. Дапамагло і добрае надвор'е, хоць усе службы рыхтаваліся нават да снегападу і галалёду. "У Віцебску на кожным участку колькасць тых, хто галасуе на даму, вагалася ад 20 да 40 чалавек, а ў сельскай мясцовасці ў асобных раёнах перавышала і 200 выбаршчыкаў", - адзначыў старшыня абласной выбарчай камісіі.

Ён распавёў і пра звароты грамадзян па пытаннях выбараў. "У дзень асноўнага галасавання ніякіх зваротаў у нашу камісію не паступала. Гэта сведчыць, што ўсім грамадзянам, якія звярнуліся, было прадастаўлена права галасаваць на даму", - падкрэсліў Дзмітрый Хома.