Спартыўнае свята для дзяцей і іх бацькоў прайшло ў Бешанковічах

Назва Рэспубліканскай акцыі «Не пакідайце дзяцей адных!» кажа сама за сябе: яе мэтай з'яўляецца прыцягненне ўвагі дарослых да праблемы дзіцячых свавольстваў з агнём, а таксама заклікае ні ў якім разе не пакідаць дзяцей без нагляду.
У рамках першага этапу акцыі ў Бешанковічах на базе сярэдняй школы №2 прайшло спартыўнае свята «Мама, тата, мы – у бяспецы моцныя!».
Пачалося мерапрыемства з агульнага пастраення, а таксама размеркавання ўдзельнікаў на каманды. Затым кожная каманда не толькі даказвала сваё майстэрства і цягавітасць у спартыўных спаборніцтвах, але і паказвала веды бяспекі ў тэарэтычных пытаннях. Удзельнікі спаборніцтва на хуткасць апраналі баявое адзенне ратавальнікаў, перацягвалі канат, «ратавалі» дзяцей з агню, а таксама паведамлялі пра пажар у дзяжурную службу.
Спаборніцтва выдалася напружаным. Кожны спрабаваў «здабыць» перамогу для сваёй каманды. Аднак галоўнай задачай ратавальнікаў было паказаць бацькам, што сумесны з дзецьмі час можа стаць вельмі займальным і цікавым, і, вядома ж, дзеці будуць пад надзейным наглядам сваіх бацькоў!
У выніку ўсе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны памятнымі падарункамі. І не важна, хто стаў пераможцам, галоўнае, што ўсе сем'і разам змаглі далучыцца да бяспекі і здаровага ладу жыцця!