Стартуе рэспубліканская акцыя «У цэнтры ўвагі – дзеці!»
Колькі часу трэба дзіцяці, каб дастаць з шафы запалкі, уключыць электрапрыбор, схавацца ад чужых вачэй і распаліць вогнішча? На гэтыя і падобныя пытанні ёсць толькі адзін адзіна правільны адказ — зусім ніколькі, калі бацькі ўважліва сочаць за сваім дзіцем і не пакідаюць яго без нагляду.
На жаль, статыстыка паказвае, што ў аснове большасці «вогненных» траўм, атрыманых дзецьмі, ляжаць дзве прычыны: неўгамонная цікаўнасць малых і недагляд з боку дарослых. І калі забараніць маленькаму чалавеку пазнаваць навакольны свет не ўяўляецца магчымым, то загадзя паклапаціцца пра яго бяспеку пад сілу кожнаму.
На прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы дзіцячай гібелі і траўматызму ад пажараў з прычыны пакідання дзяцей без нагляду накіравана прафілактычная акцыя «У цэнтры ўвагі — дзеці!». Стартуе яна 21 жніўня і праходзіць да 15 верасня.
Першы яе этап пройдзе з 21 па 31 жніўня ў гандлёвых аб'ектах, якія спецыялізуюцца на рэалізацыі тавараў для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. Работнікі МНС разам з актывістамі БМААСП і КЮСП нагадаюць бацькам пра небяспеку пакідання дзяцей без нагляду і падскажуць, як уберагчы сваю сям'ю ад надзвычайных сітуацый.
Другі этап акцыі — з 1 па 15 верасня — ва ўстановах адукацыі раёна. Урокі бяспекі, інтэрактыўныя пляцоўкі, конкурсы і падарункі — гэта і многае іншае чакае ўсіх яе ўдзельнікаў!