Студэнцкія атрады – гэта праца, сяброўства і неацэнны досвед
Падведзены вынікі трэцяга працоўнага семестра 2025 года. Урачыстая цырымонія, на якую сабраліся 200 байцоў студэнцкіх атрадаў, камандзіраў і камісараў тэрытарыяльных штабоў, ветэранаў моладзевага руху Беларусі і кіраўнікоў арганізацый, якія прымаюць студатрады, прайшла ў Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. У ліку ўдзельнікаў мерапрыемства была і першы сакратар Бешанковіцкага раённага камітэта грамадскага камітэта «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Алена Бабарэнь.
Цікавасць да студатрадаўскага руху расце з кожным годам як з боку моладзі, так і з боку наймальнікаў. Калі некалькі гадоў таму ў трэцім працоўным семестры на Віцебшчыне працавалі каля пяці тысяч чалавек, сёлета – ужо звыш сямі. Усё больш прадпрыемстваў, арганізацый вобласці прымаюць на працу навучэнцаў і студэнтаў, а яны дэманструюць свае ўменні і таленты ў працы і творчасці.
— На тэрыторыі нашага раёна, — распавядае Алена Бабарэнь, — штогод працуюць студэнцкія атрады двух профіляў. Будаўнічыя працуюць на базе УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік», сельскагаспадарчыя – у сельскагаспадарчых арганізацыях. Гэтым летам, напрыклад, у нас дзейнічала 6 студэнцкіх атрадаў: 3 будаўнічых і 3 – сельскагаспадарчых. У «Бешанковіцкім камунальніку», КСПУП «ПалітаддзелецАгра» і Ульскім дзяржаўным каледжы імя Л. М. Даватара мінулым летам было працаўладкавана 79 хлопцаў, з якіх 70 – непаўналетнія.
Байцы студатрадаў выконвалі розныя віды работ. У будаўнічых атрадах, напрыклад, аказвалі спецыялістам дапамогу ў капітальных рамонтах шматпавярховых дамоў, дзяўчаты дапамагалі камунальнікам у добраўпарадкаванні тэрыторыі гарпасёлка.
Удзельнікі з ліку байцоў сельскагаспадарчых атрадаў працавалі на збожжасушыльных комплексах, а ва Ульскім каледжы займаліся праполкай град, сачылі за парадкам у цяпліцах. І хоць у лік лепшых сёлета не трапілі, усе папрацавалі на славу. Па выніках працы ў летні перыяд 5 байцоў сельхозатрадаў узнагароджаны на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу».
Акрамя працоўнай дзейнасці рабяты прымалі актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах, арганізаваных райкамам ГА «БРСМ», — інфармацыйных сустрэчах, розыгрышах у сацыяльных сетках, святкаванні Дня нараджэння БСА, Дня моладзі ў рамках Міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» і іншых. У чэрвені навучэнцы Ульскага каледжа ўдзельнічалі ў абласным адкрыцці трэцяга працоўнага семестра ў г. Віцебску. У выніку правялі лета з карысцю, не толькі зарабілі ўласныя грошы, але і набылі неабходныя прафесійныя ўменні і навыкі, якія ім абавязкова спатрэбяцца ў жыцці, знайшлі новых сяброў.