Турнір бяспекі ад работнікаў МНС для жыхароў Астравно

У рамках акцыі «Не пакідайце дзяцей адных!» работнікі цэнтра прапаганды Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС правялі маштабную інфармацыйна-прафілактычную работу з жыхарамі сельскага населенага пункта АСТРАЎНА Бешанковіцкага раёна.

Навучальныя мерапрыемствы былі накіраваны як на самых маленькіх вяскоўцаў, так і на школьнікаў і іх бацькоў. Стартам прапагандысцкіх мерапрыемстваў стала наведванне дашкольнай установы адукацыі. Дзякуючы ўроку ад ратавальнікаў выхаванцы дзіцячага садка запомнілі «залатое правіла» - запалкі дзецям не цацкі. Даведаліся дзяўчынкі і хлопчыкі, што ў доме можа быць маса і іншых прадметаў, якія хаваюць нямала небяспек. І ў гэтым ім дапамаглі не толькі работнікі МНС, але і героі мультфільма «Чароўная кніга». Малышы не толькі асвоілі правілы бяспечных паводзін, але і дзеянні ў выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі: як неабходна выклікаць ратавальнікаў, як небяспечным можа быць вадаём, калі знаходзіцца там без нагляду дарослых.

Не менш пазнавальным стала мерапрыемства для навучэнцаў сярэдняй школы. Безумоўна, рабяты на працягу навучальнага года дзякуючы намаганням педагогаў папаўняюць багаж карысных ведаў па АБЖ, але і занятак ад ратавальнікаў таксама заклаў пэўны падмурак, які дазволіць навучэнцам пазбегнуць НС у канікулярны перыяд.

Фінальную кропку ў навучанні жыхароў АСТРАЎНА паставіла яркая сямейная эстафета «Турнір бяспекі». Пакуль

у пары бацькі і дзеці праходзілі этапы-выпрабаванні ад ратавальнікаў, стараючыся зрабіць гэта максімальна выразна і хутка, каб абысці супернікаў, побач працавала інтэрактыўная пляцоўка МНС з гульнямі і конкурсамі. Работнікі культуры дарылі творчыя нумары, а тэрытарыяльнага сацыяльнага цэнтра абароны насельніцтва прадставілі творчыя работы падапечных. Паралельна сем'і-ўдзельнікі і ўсе ахвотныя праходзілі тэсціраванне ў рамках піяр-кампаніі «Правядзі час з карысцю». Клапатлівыя бацькі, якія добрасумленна падыходзяць да пытанняў навучання дзяцей правілам бяспекі былі заахвочаны падзякамі. Лагічны вынік – узнагароджанне пераможцаў і ўдзельнікаў. Словы падзякі і падарункі сем'ям перадаў першы намеснік начальніка УМНС Андрэй Гаўрыленка разам з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый раёна.