Вучымся гуляючы
На просьбу вучняў ратавальнікі Бешанковіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях зноў правялі квэст з вучнямі ДУА «Бочаркаўская сярэдняя школа Бешанковіцкага раёна». Квэст складаўся з розных лакацый. Для яго праходжання ўдзельнікі мерапрыемства падзяліліся на 5 каманд. Маршрут квэста уключаў у сябе блок тэматычных зон: «Пажар», «Выклік службы выратавання», «Возера ртуці», «Праверка ведаў» і іншыя. На кожнай з іх камандам трэба было праявіць свае лепшыя якасці – прычым, не толькі эрудыцыю, але і веданне асноў бяспекі, а таксама фізічную падрыхтоўку. А каб навучанне было максімальна эфектыўным, да дзяцей далучыліся і педагогі.
Пасля пабудовы камандам раздалі навігацыйныя лісты, у якіх быў вызначаны парадак праходжання лакацый для кожнай каманды, пасля чаго ўдзельнікі прыступілі да іх праходжання. На лакацыях дзеці адказвалі на розныя пытанні па бяспецы жыццядзейнасці, а таксама спаборнічалі ў конкурсах на час. У ходзе праходжання квэста ўдзельнікі каманд тушылі ўмоўны пажар, апраналі баявое адзенне ратавальнікаў, праходзілі спартыўныя выпрабаванні. Каманды паказалі высокія спартыўныя і тэарэтычныя вынікі.
Па завяршэнні выпрабаванняў былі падведзены вынікі і ўзнагароджаны лепшыя каманды квэста. Пераможцам уручылі памятныя прызы.