Пагражаў забойствам сужыцельцы, прычыніў цялесныя пашкоджанні. Пракурор Бешанковіцкага раёна распачаў крымінальныя справы.
Пракурорам Бешанковіцкага раёна распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да 62-гадовага мясцовага жыхара па фактах наўмыснага прычынення лёгкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі за сабой кароткачасовае расстройства здароўя, і пагрозы забойствам.
Такія рашэнні прыняты пасля вывучэння матэрыялаў праверкі тэрытарыяльнага аддзела ўнутраных спраў.
Згодна з матэрыяламі справы нецвярозы К. у студзені бягучага года каля 14.00 гадзін па месцы жыхарства ў ходзе ўзніклага канфлікту з 63-гадовай сужыцелькай С. нанёс ёй металічнай качаргой шматразовыя ўдары па розных частках цела, пры гэтым выказваў у адрас пацярпелай пагрозы забойствам.
У выніку супрацьпраўных дзеянняў С. прычынены лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія пацягнулі за сабой кароткачасовае расстройства здароўя.
У сітуацыі, якая склалася, пацярпелая ўспрымала пагрозы К. як рэальныя і баялася іх ажыццяўлення.
К. характарызуецца адмоўна, схільны да злоўжывання спіртнымі напоямі, здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да С.
Баючыся помсты з боку сужыцеля, а таксама з прычыны знаходжання ў залежным ад яго становішчы пацярпелая ад напісання заявы адмовілася.
Пракуратура раёна ў дадзеным выпадку палічыла сваё ўмяшанне абгрунтаваным і прыняла рашэнні аб узбуджэнні крымінальных спраў па артыкулах 153 і 186 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Даведачна. Часткай 5 артыкула 26 Крымінальна-працэсуальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжана права пракурора на ўзбуджэнне крымінальных спраў прыватнага і прыватна-публічнага абвінавачвання без заявы асобы, пацярпелай ад злачынства, у выпадку, калі яны закранаюць істотныя інтарэсы дзяржавы і грамадства або ўчынены ў дачыненні да асобы, якая знаходзіцца ў службовай або іншай залежнасці ад абвінавачанага альбо па іншых прычынах не здольнай самастойна абараняць свае правы і законныя інтарэсы.
Для арганізацыі папярэдняга расследавання крымінальныя справы накіраваны ў Бешанковіцкі раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Пракурор Бешанковіцкага раёна
саветнік юстыцыі С.А.Урбановіч