Урокі бяспекі – урокі жыцця
У Бешанковіцкім раёне ў межах рэспубліканскай акцыі «У цэнтры ўвагі – дзеці!» праходзяць першыя ўрокі бяспекі. Сёння ратавальнікі сустрэліся з дзецьмі ў Ржаўскай базавай школе, дзе сабраліся дзеці адразу з некалькіх класаў.
Вядома, галоўнай мэтай ратавальнікаў стала навучыць бяспечным паводзінам дзяцей і дарослых, прадухіліць гібель людзей на пажарах, а таксама нагадаць алгарытм дзеянняў падчас пажару.
Аднак звычайныя і сумныя ўрокі бяспекі – зусім не тое, чаго чакаюць ад ратавальнікаў школьнікі, таму задача інспектара была зусім не з лёгкіх. Дзякуючы аб'яднанню адразу некалькіх прадметаў, ратавальнікі расказвалі дзецям пра розныя аспекты бяспекі. Напрыклад, дзякуючы ўроку хіміі дзеці даведаліся, што такое «трохвугольнік пажару», на геаграфіі адправіліся ў падарожжа па краінах, дзе вынайшлі тыя ці іншыя прадметы, якія дапамагаюць прадухіліць і ліквідаваць пажары ў сучасны час, а на ўроку інфарматыкі падрабязней даведаліся пра мабільны дадатак «МНС Беларусі: дапамога побач». Не засталіся па-за ўвагай нумары і правілы выкліку ратавальнікаў на ўроку матэматыкі, а таксама сачыненне на тэму бяспекі падчас рускай мовы.
Успомніць правілы паводзінаў пры пажары дапамагла адпрацоўка плана эвакуацыі. Варта адзначыць,
што не толькі для дзяцей карысныя такія заняткі, бо педагогі і выхавальнікі таксама могуць разгубіцца ў выпадку надзвычайнага здарэння.
Дзякуючы такому займальнаму і насычанаму ўроку дзеці не толькі ўспомнілі асноўныя правілы бяспекі, але і даведаліся некаторыя новыя факты пра бяспеку.