Даведаліся, як падрыхтавалі службы раёна да снегападаў і галалёду
25 лістапада 2025
Даведаліся, як падрыхтаваліся службы раёна да снегападаў і галалёду
На календары яшчэ восень, але першыя снежныя дні нагадваюць, што зіма ўжо на парозе. Даведаліся, як падрыхтаваліся службы раёна да снегападаў і галалёду.
За станам дарог і тратуараў у райцэнтры сочыць УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік».
«На ачыстку дарог выязджаюць 2 пагрузчыкі, 2 пескаразбрадвальнікі, 8 трактароў са снежным адвалам, у тым ліку адзін для расчысткі тратуараў, – кажа дырэктар УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік» Ігар Слівец. – Нарыхтавана 460 тон пясчана-салянай сумесі. Традыцыйна ў першыя цыклы ачысткі дарог ад снегу стараемся выявіць усе нюансы на абслугоўваемых дарогах. Працуем у штатным рэжыме».
Транспартныя артэрыі раёна – пад пільным вокам філіяла «Бешанковіцкае ДРБУ №110». На балансе прадпрыемства амаль 515 кіламетраў аўтамабільных дарог мясцовага значэння. Сёлета дарожная служба папоўніла базу: набыты 2 аўтамабілі «МАЗ» і пагрузчык, два новыя пескаразмяркоўвальнікі.
«Снегаачыстка і пасыпка дарог праводзяцца ў рэгламентныя тэрміны, згодна з ТКП, – адзначае начальнік філіяла Аркадзь Гушча. – Нарыхтавана не менш за 60% пясчана-салянай сумесі ад запланаванага на зімовы перыяд – 1430 тон супрацьгалалёдных матэрыялаў. З іх 1230 тон гатовай сумесі ў прапорцыі 1:1 і 200 тон у прапорцыі 19:1. На расчыстцы снегу задзейнічана 4 самазвалы, 2 «МТЗ-1221», 2 «МТЗ-82» і 2 грэйдары».
Спецтэхніка ЖКГ і дарожных службаў да пагодных капрызаў надыходзячага сезона гатова. Аднак землякам, як кіроўцам, так і пешаходам, трэба быць максімальна ўважлівымі падчас руху. А ўжо ці будзе сёлета зіма мяккай ці суровай, пакажа час…