У Бешанковічах падведзены вынікі работы сістэмы адукацыі раёна за 2024 год

В Бешенковичах подведены итоги работы системы образования района за 2024 год
Савет аддзела адукацыі прайшоў у райвыканкаме на мінулым тыдні. Удзел у мерапрыемстве прынялі кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Генадзь Шведаў і намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Ерашоў.

     

На парадку дня стаялі вынікі работы сістэмы адукацыі раёна ў 2024 годзе і асноўныя задачы на 2025-ы. Пра гэта далажыў начальнік аддзела па адукацыі Мікалай Шыпуля. Пра тое, якім быў год для СШ №1 г. п. Бешанковічы, расказала яе дырэктар Святлана Баранок. Вопытам падзяліліся дырэктар раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вольга Даўгяла і загадчыца сектара прафілактыкі сямейнай небразлівасці, сацыяльнага сіроцтва раённага СПЦ Ганна Кавалёнак.

Як не раз падкрэслілі падчас пасяджэння, галоўная задача кожнай установы адукацыі — выхаваць добрых людзей, годных грамадзян сваёй краіны, якімі будуць ганарыцца іх бацькі і педагогі. Асаблівая ўвага ва ўстановах адукацыі была нададзена ідэалагічнаму, грамадзянскаму, патрыятычнаму, ваенна-патрыятычнаму і духоўна-маральнаму выхаванню, фарміраванню здаровага ладу жыцця.

Гэта розныя дыялогавыя пляцоўкі, мерапрыемствы праекта «ШАГ», інфармацыйныя і класныя гадзіны, адзіныя ўрокі памяці… У раёне склалася сістэма правядзення розных спартыўных мерапрыемстваў, якімі ахоплена да 85% навучэнцаў.

     

Сёння на Бешанковіччыне атрымліваюць адукацыю 1665 дзяцей, з іх 380 — дашкольную. Дзіцячым і моладзевым рухам у раёне ахоплена 84% вучняў. Для ўдасканалення дадзенага напрамку дзейнасці рэалізуецца новая навучальная праграма тэматычных заняткаў для вучняў 2-11 класаў «Я. Мая сям'я. Мая Радзіма», якая дазволіць удасканаліць працу па захаванні пераемнасці грамадскіх арганізацый: акцябрунок — піянер — член пярвічнай арганізацыі БРСМ.

          

Актуальным напрамкам застаецца забеспячэнне занятасці навучэнцаў. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана праца 47 гурткоў па інтарэсах, у раённым цэнтры дзяцей і моладзі — 32. 100% навучэнцаў, якія знаходзяцца на ўсіх відах прафілактычнага ўліку, занятыя ў вольны ад вучобы час. Усяго за 2024 год навучэнцамі і выхаванцамі ўстаноў адукацыі раёна атрымана больш за 320 дыпломаў розных узроўняў у інтэлектуальных, спартыўных, творчых спаборніцтвах.

   

Сярод актуальных пытанняў было і застаецца ўмацаванне матэрыяльнай базы ўстаноў дашкольнай адукацыі. Летась на суму больш за 110 тысяч рублёў набыта надворнае і спартыўнае абсталяванне, на суму 1,8 млн рублёў праведзены рамонты будынкаў і памяшканняў, добраўпарадкаванне тэрыторый.

У 2024 годзе педагогі працягнулі рэалізоўваць новыя падыходы ў агульнай сярэдняй адукацыі. Другі раз выніковая атэстацыя на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі праходзіла ў форме цэнтралізаванага экзамену. Сярэдні бал па раёне па выніках ЦЭ склаў 62,2 бала (па вобласці — 63,8). Найбольш высокі сярэдні бал паказалі выпускнікі СШ №2 г. п. Бешанковічы імя М. Н. Ткачанкі (79).

У ліку асноўных напрамкаў у рабоце сістэмы адукацыі ў 2025 годзе будуць: работа па фарміраванні ў падрастаючага пакалення грамадзянскасці і патрыятызму, прававой і інфармацыйнай культуры, законапаслухмяных паводзін, разумення важнасці захавання міру, гістарычнай памяці і гістарычнай праўды; забеспячэнне даступнасці і якасці адукацыі на ўсіх узроўнях, у тым ліку для асоб з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі; актывізацыя работы метадычнай службы і атэстацыйных камісій устаноў адукацыі па метадычным суправаджэнні педагагічных работнікаў у працэсе атэстацыі.

«Сістэма адукацыі павінна працаваць на развіццё, — адзначыў Мікалай Шыпуля. — Таму ад кожнага з нас патрабуецца пастаянны аналіз сітуацыі па ўсіх напрамках дзейнасці, а якасць вырашэння пастаўленых задач у новым годзе залежыць ад нашага з вамі ўзаемадзеяння, умення расстаўляць прыярытэты».

Завяршыла мерапрыемства ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання. Лепшыя прадстаўнікі сферы адукацыі адзначаны ўзнагародамі. Ганаровай граматай райвыканкама ўдастоены настаўнік гісторыі і грамадазнаўства СШ №1 г. п. Бешанковічы імя І. І. Страчко Віталь Аляксеевіч Гарбачоў. Падзяка старшыні райвыканкама аб'яўлена намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №1 Алене Вадзімаўне Піскуновай. Падзяка старшыні райсавета дэпутатаў — настаўнікам пачатковых класаў Астравенскай сярэдняй школы імя К. А. Абазоўскага Валянціне Мікалаеўне Шарко і Алене Анатольеўне Кляменцьевай. Ганаровымі граматамі аддзела па адукацыі райвыканкама ўзнагароджаны настаўнік працоўнага навучання СШ №1 Мікалай Васільевіч Домкін, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Бачэйкаўскай СШ імя М. А. Высогорца Дзіяна Мікалаеўна Зямко, педагог-псіхолаг дзіцячага сада №6 гарпасёлка Алевціна Фёдараўна Мароз, педагог сацыяльны раённага СПЦ Марына Пятроўна Маліна, настаўнік англійскай мовы СШ №2 г. п. Бешанковічы Дзіяна Віктараўна Ружынская, настаўнік англійскай і нямецкай моў СШ №2 Таццяна Ігнатаўна Турчыновіч, настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ №2 Мікалай Віктаравіч Ружынскі, педагог-арганізатар СШ №1 Ганна Аляксандраўна Сафонава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ульскай СШ імя Л. М. Даватара Надзея Аляксееўна Хаванская, педагог дадатковай адукацыі РЦДМ Анастасія Андрэеўна Шышова, настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ №1 Вольга Анатольеўна Яскевіч.

Шчырую падзяку за выхаванне дзяцей выказалі і бацькам. Падзячныя лісты ўручаны Аляксандру Мікалаевічу і Наталлі Юр'еўне — бацькам Марыі Петуховай. За поспехі ў вучобе Паўла Сытова падзякавалі Алегу Віктаравічу і Алесі Мікалаеўне. За годнае выхаванне Мікіты Шынкевіча — яго маме Аксане Мікалаеўне.

У рэйтынгу па выніках года лепшымі прызнаны: сярод гарадскіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі — СШ №1 г. п. Бешанковічы імя І. І. Страчко (дырэктар — Святлана Баранок); сярод сельскіх устаноў адукацыі — Башэйкаўская сярэдняя школа імя М. А. Высогорца (дырэктар — Наталля Апанасёнак); сярод устаноў дашкольнай адукацыі — дзіцячы сад №6 гарпасёлка (дырэктар — Святлана Мацуганава). Кіраўнікам уручаны сертыфікаты на суму 5000 рублёў для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў.

"Зара"