У Бешанковічах школьнікам урачыста ўручылі пашпарты
14 сакавіка ў Бешанковіцкім РЦК адбылося ўрачыстае ўручэнне пашпартоў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь
Мерапрыемства праходзіла ў рамках Усебеларускай акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі!». А галоўнымі яго героямі былі 80 юнакоў і дзяўчат з усіх куткоў Бешанковіччыны.
З Днём Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сабраных цёпла павіншаваў старшыня райсавета дэпутатаў Генадзь Шведаў.
На памяць аб мерапрыемстве хлопцы атрымалі падарункавае выданне ад Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь!» і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
Юнакі і дзяўчаты, якія атрымалі галоўны дакумент у год 80-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, прынеслі прысягу на вернасць Рэспубліцы Беларусь.
Паабяцалі сваёй вучобай, працай і справамі ўмацоўваць аўтарытэт і добрае імя нашай краіны, быць годнымі памяці людзей, якія аддалі свае жыцці за гонар і незалежнасць нашай Радзімы, заўсёды прытрымлівацца Асноўнага Закона краіны – Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, быць сапраўднымі гаспадарамі сваёй зямлі.
Музычныя нумары стваралі святочны настрой у зале.
"Зара"