У Бешанковічах падвялі вынікі раённага конкурсу «Бяспечная попельніца»

Як не прапаліць уласнае жыццё. Калі б кожны з грамадзян нашай краіны задумаўся, наколькі шмат сэнсу ў гэтай фразе, то шэрагі курцоў сталі б значна радзейшымі.

Ратавальнікі Бешанковіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у рамках рэспубліканскай акцыі «Не прапалівай сваё жыццё!» арганізавалі і правялі раённы конкурс «Бяспечная попельніца»!

Самымі актыўнымі ўдзельнікамі конкурсу сталі навучэнцы Ульскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага ліцэя імя Л.М. Даватара. Хлопцы дастаткова творча падышлі да рэалізацыі ідэі «Бяспечнай попельніцы». Тэхналогія зваркі металу, цеста, пластылін. Будучыя спецыялісты аказаліся майстрамі на ўсе рукі. Хоць вырабаў аказалася і не шмат, але, як адзначылі члены журы, выбраць было з чаго. Самыя крэатыўныя вырабы ўзнагароджаны дыпломамі ад Бешанковіцкага РАНС.

Арганізатары конкурсу ўпэўненыя, што, удзельнічаючы ў такіх незвычайных конкурсах, хлопцы глыбей успрымаюць праблему, больш думаюць пра пажары і прычыны іх узнікнення, чым і робяць нашу краіну крышачку бяспечнейшай!