У Бешанковіцкім раёне прайшоў завяршальны этап рэспубліканскай акцыі «Дзень бяспекі. Увага ўсім!»

У рамках заключнага этапу Рэспубліканскай акцыі «Дзень бяспекі. Увага ўсім!» ратавальнікі Бешанковіцкага раёна правялі масавае мерапрыемства. У аграгарадку Ула Бешанковіцкага раёна на цэнтральнай плошчы для вяскоўцаў разгарнулася «Кірмаш бяспекі», на якім удзельнікам прапаноўвалася набыць тавар, які нельга нідзе купіць: гэта веды бяспекі. Вяскоўцы маглі даведацца, як правільна павінна быць уладкавана ацяпляльная печ, для чаго прызначаны і як уладкаваны аўтаномны пажарны апавяшчальнік, як правільна яго ўсталяваць. Што рабіць, калі разбіўся ртутны тэрмометр. Таксама ратавальнікі звярталі ўвагу вяскоўцаў на недапушчальнасць выпальвання сухой расліннасці. Падрабязна спыніліся на тэме развядзення вогнішчаў, расказалі, як гэта рабіць правільна, каб не дапусціць пажару.

Кожны ахвотны мог «прымерыць» на сябе ролю ратавальніка, расказаць, як карыстацца вогнетушыцелем і як правільна выклікаць ратавальнікаў па тэлефоне. Акрамя гэтага, для самых маленькіх удзельнікаў акцыі быў арганізаваны паказ аварыйна-выратавальнай тэхнікі і ўзбраення, хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, што такое апарат на сціснутым паветры, і атрымалі памятныя прызы.