У Бешанковіцкім раёне праходзіць дэкада бяспекі
Паводле статыстыкі, большасць пажараў адбываецца ў домаўладаннях грамадзян, там жа найбольшая колькасць траўміраваных і загінулых грамадзян. З мэтай недапушчэння пажараў у домаўладаннях грамадзян, а таксама правядзення інструктыўна-тлумачальнай працы сярод насельніцтва работнікамі Бешанковіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з работнікамі аддзела ўнутраных спраў і прадстаўнікамі аховы здароўя праводзіцца дэкада бяспекі.
У цэнтры ўвагі – тыя грамадзяне, якія ўжо траплялі ў поле зроку суб'ектаў прафілактыкі, а таксама асобы, якія схільныя да злоўжывання спіртнымі напоямі. Лішні раз нагадаць пра самыя банальныя правілы, пракантраляваць устраненне раней выяўленых парушэнняў – гэта і не толькі ўваходзіла ў задачы рэйдавых груп.
У ходзе рэйду, які праходзіў у мінулыя выхадныя, было наведана больш за два дзясяткі адрасоў, праінструктавана каля пятнаццаці грамадзян. Як тлумачыць намеснік начальніка Бешанковіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталь Рабенка, пажар у вёсцы Лабачова, які забраў жыццё мужчыны, наглядна паказвае, што праца па навучанні грамадзян павінна праводзіцца пастаянна.