У Бешанковіцкім раёне ў адным з першых у вобласці ў поўным аб'ёме выкананы работы па праграме «Чыстая вада»
У Бешанковіцкім раёне ў адным з першых у вобласці ў поўным аб'ёме выкананы работы па праграме «Чыстая вада»
Толькі летась пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю 9 установак водаачысткі (міністанцыі абезжалезвання вады) і 2 станцыі абезжалезвання «Будзілава» і «Ржаўка». У межах падрыхтоўкі да «Дажынак» у Бешанковічах перакладзена каля 2,5 км старых сетак.
У раёне ўсе населеныя пункты, дзе ёсць цэнтральнае водазабеспячэнне, забяспечаны чыстай вадой.
Але на гэтым работы па паляпшэнні водазабеспячэння жыхароў раёна не скончацца. Планы на бягучы год у канцы мінулага працоўнага тыдня з дырэктарам філіяла «Лепельводаканал» УП «Віцебскаблводаканал» Яўгенам Шыдлоўскім і начальнікам Бешанковіцкага ўчастка Андрэем Полухіным абмеркавала падчас наведвання аб'ектаў кіраўнік раёна Галіна Унуковіч.
Як было адзначана, сёлета ўжо завершана мадэрнізацыя водаправодных сетак у Плісах, перакладзена 1350 м старых сетак. У планах таксама замяніць сеткі па ўсёй вёсцы Гародна, пракласці каля 2,5 км сетак у Вяжышчы і каля 1,1 км у Свечы, па Бешанковічах заменяць яшчэ 1 км водаправоднай сеткі.
У Бачэйкаве работнікі водаканала правядуць мадэрнізацыю станцыі абязжалезвання і водаправодных сетак, узвядуць цэнтральную сетку ад вул. Асташкевіча да вул. Ульскай з закольцоўкай ад станцыі абязжалезвання.
У планах і работы па ўзвядзенні каналізацыйнай сеткі ад ачысных «ПМК-41» да цэнтральнай гарадской каналізацыі, а таксама шэраг іншых работ.