У Бешанковіцкім раёне абраны новы старшыня раённага Савета дэпутатаў
16 снежня 2025
У Бешанковіцкім раёне абраны новы старшыня раённага Савета дэпутатаў
16 снежня адбылася пазачарговая сесія раённага Савета дэпутатаў 29-га склікання. На парадку дня стаяла пытанне аб абранні яго новага старшыні.
У рабоце сесіі прынялі ўдзел старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў, старшыня раённага выканаўчага камітэта Галіна Унуковіч, актыў раёна.
На пасаду старшыні райсавета была прапанавана кандыдатура намесніка старшыні райвыканкама, намесніка старшыні райсавета дэпутатаў, дэпутата па Школьным выбарчым акрузе №6 Аляксандра Ерашова.
У падтрымку Аляксандра Ерашова выступілі дэпутаты райсавета дэпутатаў Алена Карбоўская і Ігар Слівец, адзначыўшы прафесіяналізм кандыдата, яго цвёрдасць і абгрунтаванасць у прыняцці рашэнняў, прынцыповасць, уменне працаваць з людзьмі, сумленнасць і справядлівасць.
Згодна з заканадаўствам, выбары старшыні райсавета адбыліся ў фармаце тайнага галасавання. Прысутныя на сесіі дэпутаты аднагалосна прагаласавалі за вылучаную кандыдатуру на пост прадстаўнічага органа раённай улады.
Віншуючы новага кіраўніка дэпутацкага корпуса раёна, Дзмітрый Дзямідаў адзначыў, што пасада старшыні раённага Савета дэпутатаў – гэта вялікая адказнасць перад кожным жыхаром рэгіёна. Каб з гэтай адказнасцю справіцца, Аляксандр Іванавіч валодае ўсім неабходным наборам якасцей, ведаў і вопыту.
Звяртаючыся ж да народных абраннікаў, Дзмітрый Дзямідаў падкрэсліў, што ў дэпутацкай дзейнасці самае галоўнае – чуць людзей, падтрымліваць і дапамагаць ім у вырашэнні праблем.
Найлепшыя якасці характару Аляксандра Ерашова адзначыла і кіраўніца раёна Галіна Унуковіч. Сярод іх адказнасць, мэтанакіраванасць і неабыякавасць да таго, што адбываецца на роднай зямлі.
«У Аляксандра Іванавіча пачынаецца новы этап у жыцці, на якім, упэўнена, ён прынясе яшчэ больш карысці людзям», — падкрэсліла Галіна Унуковіч.
Аляксандр Ерашоў выказаў словы шчырай удзячнасці за падтрымку і аказаны давер і запэўніў усіх прысутных, што народныя абраннікі працягнуць планамерную і значную працу па паляпшэнні дабрабыту і жыццядзейнасці жыхароў раёна, вобласці і рэспублікі ў цэлым.
***
Намеснікам старшыні раённага Савета дэпутатаў абрана начальнік цэнтра банкаўскіх паслуг № 206 у г.п.Бешанковічы рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ «Белаграпрамбанк», дэпутат па Савецкім выбарчым акрузе №3 Таццяна Бабаед.
"Зара"