У Бешанковіцкім раёне абвешчаны конкурс на званне «Лепшы пад'езд 2025 года»

В Бешенковичском районе объявлен конкурс на звание «Лучший подъезд 2025 года»

7 жніўня 2025

У Бешанковіцкім раёне абвешчаны конкурс на званне «Лепшы пад'езд 2025 года»

Бешанковіцкі райвыканкам аб'явіў аб правядзенні з 2 жніўня па 1 верасня 2025 года агляду-конкурсу сярод жыльцоў шматкватэрных жылых дамоў г. п. Бешанковічы і Бешанковіцкага раёна на званне «Лепшы пад'езд 2025 года».

Рашэннем райвыканкама зацверджаны палажэнне, склад конкурснай камісіі пад старшынствам намесніка старшыні райвыканкама Віктара Грышана, якая і назаве пераможцаў.

Галоўная задача, якую ставяць перад сабой арганізатары, — прыцягнуць жыхароў да актыўнага ўдзелу ў падтрыманні парадку ў сваіх пад'ездах, выкананні работ па іх добраўпарадкаванні і эстэтычным афармленні, забеспячэнні захаванасці жылфонду, агульнай маёмасці шматпавярховых жылых дамоў, а таксама да стварэння больш камфортных умоў пражывання ў іх на тэрыторыі гарпасёлка і раёна ў цэлым.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца жыхары шматкватэрных жылых дамоў, якія выканалі работы па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку ў сваіх пад'ездах.

Заяўкі на ўдзел падаюцца ў аддзел архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама ў пісьмовай і электроннай форме па адрасе: 211361 г.п. Бешанковічы, вул. Чуклая, 13, arhn@beshenkovichi.gov.by. Тэрмін падачы – да 17.00 гадзін 22 жніўня 2025 года.

У заяўцы на ўдзел у конкурсе неабходна ўказаць наступныя дадзеныя:

1) Прозвішча, імя, імя па бацьку (пры наяўнасці) заяўніка-грамадзяніна, паштовы (электронны) адрас, кантактны тэлефон;

2) адрас дома;

3) пералік работ, праведзеных заяўнікам (заяўнікамі) па добраўпарадкаванні пад'езда дома;

4) фота- або відэаматэрыялы, якія дэманструюць стан пад'езда дома.

Крытэрыі ацэнкі наступныя (максімальная колькасць балаў – 100):

— санітарны стан пад'езда, месцаў агульнага карыстання – 20,

— добраўпарадкаванне пад'езда, наяўнасць элементаў утульнасці – 20,

— актыўны ўдзел жыльцоў у навядзенні парадку і падтрыманні санітарнага стану, добраўпарадкаванні пад'езда – 10,

— утрыманне сутарэння (пры наяўнасці) у належным супрацьпажарным стане, чысціні і парадку – 10,

— спраўнасць аконных рам, дзвярных блокаў у пад'ездзе, захаванасць лесвічных парэнчаў, паштовых скрынь, наяўнасць нумарных знакаў на дзвярах кватэр і шыльдаў на пад'ездзе з указаннем нумара пад'езда, кватэр – 10,

— наяўнасць дошак для аб'яў, адсутнасць самавольнага размяшчэння інфармацыі на дзвярах пад'ездаў – 10,

— наяўнасць добраўпарадкаванай клумбы або кветніка, лавак, урн каля пад'езда – 20.

Пераможцамі агляду-конкурсу стануць удзельнікі, якія набралі найбольшую колькасць балаў.

Вынікі конкурсу будуць падведзены з 1 па 5 верасня 2025 г. конкурснай камісіяй пасля агляду пад'ездаў жылых шматкватэрных дамоў, якія ўдзельнічаюць у конкурсе. Вынікі аформяць пратаколам, вызначаць пераможцу (першае месца) і прызёраў (другое і трэцяе месцы). Інфармацыя пра іх будзе размешчана на сайце райвыканкама, а таксама ў СМІ і на інфармацыйных стэндах у населеных пунктах.

Пераможцы і прызёры агляду-конкурсу па намінацыях узнагароджваюцца:

1 месца – дыплом 1 ступені, грашовая прэмія або каштоўны падарунак у памеры 3-х базавых велічынь;

2 месца – дыплом 2 ступені, грашовая прэмія або каштоўны падарунак у памеры 2-х базавых велічынь;

3 месца – дыплом 3 ступені, грашовая прэмія або каштоўны падарунак у памеры 1-й базавай велічыні.

Пераможцу конкурсу (які заняў 1 месца) уручаецца таблічка з адпаведным тэкстам. Адпаведныя званні прысвояць тэрмінам на адзін год. Удзельнікі, якія не занялі прызавыя месцы, будуць адзначаны падзячнымі лістамі.

"Зара"