У Бешанковіцкай ЦРБ адкрыты абноўлены кабінет флюараграфіі
У Бешанковіцкай ЦРБ адзначаюць падвойнае свята – 60 гадоў таму адкрыліся дзверы новай бальніцы, пабудаванай у 1965 годзе. 5 лістапада, напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, адбылося ўрачыстае адкрыццё пасля рамонту кабінета флюараграфіі з усталяваным новым лічбавым флюараграфам.
Удзел у мерапрыемстве прынялі намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Вішневецкі, старшыня райвыканкама Галіна Унуковіч, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Ерашоў, галоўны ўрач Бешанковіцкай ЦРБ Святлана Рошчына, члены выканкама, медперсонал цэнтральнай раённай бальніцы, жыхары раёна.
Умацаванне матэрыяльнай базы – адзін з галоўных фактараў паляпшэння якасці медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Рэнтгенадыягнастычны апарат «УНІАПТЫМА-ЦР» коштам 148 тысяч рублёў набыты за сродкі рэспубліканскага бюджэту. На рамонт кабінета з мясцовага бюджэту выдзелена 370 тысяч рублёў. Па тэхнічных патрабаваннях тут усталявана новая вентыляцыйная сістэма і ўзмацнены абарончыя ўласцівасці сцен. Сумежныя памяшканні надзейна абаронены ад пранікнення рэнтгенаўскага выпраменьвання.
Апарат «УНІОПТЫМА-ЦР» беларускай вытворчасці дастаткова шырокага спектру дзеяння. Гэта кампактны, эканамічны і мабільны інавацыйны лічбавы флюараграф адкрытага тыпу, які забяспечвае дакладную раннюю дыягностыку захворванняў грудной клеткі. Акрамя асноўнай функцыі – прафілактыкі захворванняў лёгкіх – ён здольны выявіць паталогію касцявога шкілета, сэрца, буйных сасудаў, дыяфрагмы, анкалагічныя праявы. Перавагамі з'яўляюцца высокая прапускная здольнасць, правядзенне скрынінгу на высокім узроўні з абаронай пацыента, хуткая і зручная апрацоўка, захоўванне і перадача здымкаў, магчымасць параўноўваць рэнтгенаўскую карціну ў адных і тых жа асоб у дынаміцы.
Здароўе – наш самы каштоўны капітал. Гэта паўнавартаснае і шчаслівае заўтра кожнага чалавека і ўсяго народа. Важна, каб яно было шчаслівым.
У Беларусі сферы аховы здароўя надаецца самая сур'ёзная ўвага, яна не стаіць на месцы, развіваецца з кожным годам, ператвараюцца лячэбныя ўстановы, паляпшаюцца ўмовы для пацыентаў і працы медперсаналу. У нашай ЦРБ у мінулым годзе абноўлена фізіятэрапеўтычнае аддзяленне, набыта сучаснае абсталяванне, якое дазволіла пашырыць спектр фізіятэрапеўтычных паслуг, скараціць тэрміны лячэння на стацыянарным этапе, паскорыць працэс выздараўлення пацыентаў, адрамантаваны харчаблок, зараз – кабінет флюараграфіі з усталяваным новым лічбавым флюараграфам.
Ранняя дыягностыка – важная звяно ў захаванні здароўя насельніцтва. Новы лічбавы флюараграф будзе выкарыстоўвацца ў тым ліку для правядзення дыспансерызацыі, мэта якой — ранняе выяўленне магчымых захворванняў. Дыягностыка на ранніх стадыях развіцця палягчае лячэнне і паляпшае яго канчатковы вынік.
На адрас абласнога выканаўчага камітэта, райвыканкама, галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама гучалі словы шчырай падзякі за значны падарунак для жыхароў раёна напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Як заўважыла Галіна Унуковіч, ідэі міру, дабра, стварэння, адзінства былі асноватворнымі падчас рэвалюцыі і застаюцца галоўнымі цяпер. Тая місія, якую сёння нясуць медыцынскія работнікі, – стварэнне роўных умоў для якаснага лячэння, якаснага медыцынскага абслугоўвання – выконваецца. Наша медыцына цэніцца ў розных краінах. Не проста так да нас едуць людзі лячыцца і з-за мяжы. Галоўнае, каб мы гэта цанілі і разумелі.
Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.