Напярэдадні Міжнароднага дня барацьбы з карупцыяй (9 снежня) пракурор раёна Андрэй Старчанка даў інтэрв'ю карэспандэнту раённай газеты “Зара”

Міжнародны дзень барацьбы з карупцыяй абвешчаны рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН ад 21 лістапада 2003 года. Упершыню адзначылі яго ў 2004 годзе.

Занепакоіўшыся праблемамі, якія спараджае “хабарніцтва”, Генеральнай асамблеяй ААН была распрацавана і адкрыта для падпісання Канвенцыя супраць карупцыі. Яна стала важным інструментам міжнароднага права, вынікам глыбокага ўсведамлення сусветнай супольнасцю сур'ёзнай небяспекі, што тоіць у сабе гэтае зло. Дакумент прадугледжвае меры па папярэджанні карупцыі, пакаранні вінаватых, а таксама механізмы міжнароднага супрацоўніцтва ў барацьбе з ёй, абавязвае дзяржавы праводзіць палітыку процідзеяння карупцыі, ухваліць адпаведныя законы і заснаваць спецыяльныя органы ў барацьбе з негатыўнай з'явай.

 Наша краіна таксама падтрымала і развівае ініцыятывы па барацьбе з карупцыяй на нацыянальным, рэгіянальным і міжнародным узроўнях, падпісала Канвенцыю супраць карупцыі яшчэ 28 красавіка 2004 года, ратыфікаваўшы дакумент 25 лістапада 2004 года Законам Рэспублікі Беларусь “Аб ратыфікацыі Канвенцыі ААН супраць карупцыі”. Органам, які каардынуе яго выкананне, вызначана Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь.

-- Сёння, -- расказвае пракурор Бешанковіцкага раёна Андрэй Аркадзьевіч Старчанка, -- у Беларусі створана трывалая заканадаўчая база, якая вызначае сістэму мер і прынцыпы барацьбы з карупцыяй, канкрэтныя папераджальна-прафілактычныя, арганізацыйныя мерапрыемствы, механізмы барацьбы, ліквідацыю наступстваў карупцыйных правапарушэнняў, а таксама прадугледжвае найжорсткую крымінальную адказнасць за падобныя злачынствы.

  Прававыя асновы антыкарупцыйнай дзейнасці ўтрымліваюцца ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая рэгламентуе найбольш важныя грамадскія адносіны. Акрамя таго, наша краіна з'яўляецца актыўнай удзельніцай шэрагу канвенцый ААН і Савета Еўропы ў галіне барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю. Выконваючы адпаведныя міжнародныя абавязацельствы, Рэспубліка Беларусь у рамках сваёй прававой сістэмы паслядоўна прымае заканадаўчыя, адміністрацыйныя і іншыя антыкарупцыйныя меры. На рэалізацыю норм Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў, спыненне, прафілактыку, папярэджанне карупцыі і барацьбу з ёй накіраваны Закон аб барацьбе з карупцыяй, іншыя нарматыўныя прававыя акты.

-- Барацьба з карупцыяй – не кароткачасовая кампанія, а найважнейшая дзяржаўная задача ў справе ўмацавання незалежнасці і суверэнітэту нашай дзяржавы, забеспячэння грамадскай бяспекі…

  -- Зусім дакладна, у Беларусі рэалізавана праграма па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй на 2017 – 2019 гады. Рашэннем рэспубліканскай каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй ад 18 снежня 2020 года зацверджана аналагічная праграма на 2020-2022 гады. Па выніках аналізу карупцыйнай злачыннасці, яе структуры і дынамікі, а таксама прапаноў, унесеных дзяржаўнымі органамі, у яе ўключаны асобны раздзел пад назвай “Комплекс мер па барацьбе з карупцыяй, ліквідацыі прычын і ўмоў, якія ёй спрыяюць”, які змяшчае мерапрыемствы арганізацыйна-прававога, арганізацыйна-практычнага, прафілактычнага і міжнародна-прававога характару.

  У рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацыях, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, абласных, гарадскіх, раённых выканкамах, мясцовыхных адміністрацыях раёнаў у гарадах, кіруючых кампаніях холдынгаў створаны камісіі па супрацьдзеянні карупцыі. У іх пасяджэннях, як правіла, прымаюць удзел прадстаўнікі пракуратуры, органаў унутраных спраў, сродкаў масавай інфармацыі.

-- Андрэй Аркадзьевіч, пракуратура раёна таксама ажыццяўляе кантроль за выкананнем антыкарупцыйнага заканадаўства?

  -- Наглядныя мерапрыемствы праводзяцца на пастаяннай аснове. У ходзе іх выяўляюцца злачынствы карупцыйнай накіраванасці, правапарушэнні, якія ствараюць перадумовы для карупцыйных злачынстваў. У бягучым годзе, напрыклад, намі праведзены тры такія праверкі. За сістэматычнае парушэнне антыкарупцыйнага заканадаўства з мэтай  ліквідацыі дапушчаных парушэнняў унесена 2 прадстаўленні, вынесены 7 прадпісанняў, 7 службовых асоб прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, усе яны папярэджаны аб недапушчальнасці здзяйснення паўторных парушэнняў закона. 13 службовых асоб панеслі дысцыплінарную адказнасць. Прынесены 1 пратэст на рашэнне, якое супярэчыць антыкарупцыйнаму заканадаўству.

-- Якія асноўныя прычыны, па якіх здзяйсняюцца карупцыйныя злачынствы?

  -- Правакаваць на карупцыйныя дзеянні можа як бяздзейнасць кантралюючых структур, атмасфера патурання, беспрынцыповасць кіраўнікоў, так і адсутнасць механізму кантролю за выкананнем прымаемых рашэнняў. У апошні час парушэнні часта выяўляюцца пры правядзенні дзяржаўных закупак (работ, паслуг). Здавалася б, прыняты закон, устаноўлены агульныя патрабаванні да правядзення працэдуры закупак, працы камісій, распісаны алгарытм дзеянняў, але на практыцы заканадаўства  не заўсёды выконваецца ў дакладнасці. Дарэчы, парушэнняў хапае і пры правядзенні ўстановамі, арганізацыямі, прадпрыемствамі закупак за кошт уласных сродкаў. Кожнае з іх можа стварыць перадумовы для карупцыйных злачынстваў.

-- Да норм Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь якія злачынствы карупцыйнай накіраванасці сустракаюцца часцей за ўсё?

 -- Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, атрыманне хабару, дача хабару. Дарэчы, у бягучым годзе ў нашым раёне за атрыманне хабару прыцягнута да крымінальнай адказнасці адна службовая асоба. Расследуецца факт крадзяжу шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.

-- Карупцыйныя   злачынствы характарызуюцца высокай скрытнасцю, паколькі не толькі карупцыянер, але і асоба, у інтарэсах якой ён здзяйсняе дзеянні з выкарыстаннем свайго службовага становішча, не зацікаўлены ў выяўленні іх злачынных узаемаадносін?

-- Таму эфектыўная барацьба з карупцыяй магчыма пры спалучэнні работы праваахоўных органаў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй кожнага па непрыманні любых праяў карупцыі. Сіла грамадскасці (грамадзян і грамадскіх аб'яднанняў) заключаецца ў прыцягненні ўвагі да тых ці іншых праблем, якія вырашаюцца ў далейшым праваахоўнымі органамі. Праз спецыяльную форму, прадугледжаную на сайтах дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй, кожны чалавек можа паведаміць аб вядомых фактах карупцыі (у тым ліку ананімна), а таксама звярнуцца за растлумачэннем пытання, якое цікавіць, падаць заяву, прапанову, скаргу.

  Галоўная крыніца поспеху ў вырашэнні галоўнай задачы – моцная дзяржаўная ўлада, моцная сацыяльная палітыка, апора на народ і галоснасць. Весці барацьбу з карупцыяй варта мэтанакіравана, комплексна і бесперапынна. Пры гэтым намаганні павінны быць накіраваны не толькі на выяўленне і спыненне фактаў карупцыі, але і на ўсталяванне і ліквідацыю прычын, якія яе спараджаюць.

Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.