У прышкольных лагерах Бешанковіцкага раёна адпачываюць амаль 400 дзяцей
9 чэрвеня 2026
У прышкольных лагерах Бешанковіцкага раёна адпачываюць амаль 400 дзяцей
У першы дзень летніх канікул у школах раёна адчынілі дзверы шэсць выхаваўча-аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем. Для старэйшых дзяцей у СШ №2 г. п. Бешанковічы імя М. М. Ткачанкі арганізаваны лагер працы і адпачынку. На базе СШ №1 райцэнтра працуе спартыўна-аздараўленчы лагер «Алімпіец» Бешанковіцкай ДЮСШ — яго наведваюць 60 юных спартсменаў. Усяго ў прышкольных лагерах раёна адпачываюць і ўмацоўваюць здароўе амаль 400 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Першы дзень змены прайшоў на адным дыханні: дзеці сталі ўдзельнікамі раённага свята, прысвечанага Міжнароднаму дню абароны дзяцей. Не менш цікавыя і наступныя.
У Астроўненскай СШ імя К. А. Абазоўскага, напрыклад, у рамках праекта «Крок да поспеху» для выхаванцаў арганізавалі сустрэчу з памочнікам урача А. В. Лаппо і прагляд сацыяльных ролікаў «ПА-за залежнасці». Дзеці з лагера СШ №2 райцэнтра наведалі цэнтральную раённую бібліятэку, дзе для іх падрыхтавалі праграму «Лета класнае — бяспечнае» з паўтарэннем правілаў дарожнага руху.
У Бачэйкаўскай СШ імя М. А. Высогорца школьнікі праверылі свае веды ў брэйн-рынгу «Дзяржаўныя сімвалы» і паўдзельнічалі ў гульнявой праграме «Мы — беларусы». А ў СШ №1 г. п. Бешанковічы другі дзень змены абвясцілі Днём патрыёта, які прайшоў пад дэвізам «Я — патрыёт сваёй краіны». Тут для дзяцей правялі ваенна-патрыятычную гульню «Зарнічка», віктарыну «Маленькія грамадзяне вялікай краіны» і інтэрактыўную гульню «Беларусь — мая краіна».
Кожны дзень у лагерах напоўнены яркімі ўражаннямі. Праграма дзіцячага адпачынку максімальна насычаная: школьнікаў чакаюць займальныя квэсты, спартыўныя эстафеты, творчыя майстар-класы, конкурсы, экскурсіі і прагулкі на свежым паветры.
Наперадзе ў дзяцей яшчэ шмат яркіх адкрыццяў, бо лагерная змена толькі набірае абароты. Работа прышкольных лагераў у раёне працягнецца, а гэта значыць, што лета для нашых юных землякоў абавязкова будзе бяспечным, карысным і незабыўным.
"Зара"