У мэтах бяспечнага выкарыстання піратэхнікі пры правядзенні масавых мерапрыемстваў Віцебскае абласное ўпраўленне ДЗПРАМНАДЗОРА даводзіць рэкамендацыі па яе набыцці і бяспечным выкарыстанні

РЭКАМЕНДАЦЫІ ПА НАБЫЦЦІ ПІРАТЭХНІЧНЫХ ВЫРАБАЎ

    Рэалізацыя піратэхнічных вырабаў І-ІІ класаў небяспекі (па класіфікацыі піратэхнічных вырабаў) дазволена ў крамах і павільёнах з гандлёвай залай, ІІІ класа – толькі ў спецыялізаваных крамах, аддзелах (секцыях) па продажы піратэхнічных вырабаў. Продаж піратэхнічных вырабаў асобам, што не дасягнулі 15 гадоў, у Рэспубліцы Беларусь строга забаронены.

     Пры размяшчэнні піратэхнічных вырабаў у гандлёвай зале выкарыстоўваецца выкладка, пры якой пакупнік не мае прамога доступу да гэтых вырабаў. Захоўванне прадукцыі ў месцах продажу павінна ажыццяўляцца ў шафах, сейфах, выкананых з негаручых матэрыялаў.

     З 15 лютага 2012 г. уступіў у сілу тэхнічны рэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы піратэхнічных вырабаў» (ТР ТС 006/2011), у адпаведнасці з якім піратэхнічныя вырабы падлягаюць абавязковаму пацвярджэнню адпаведнасці патрабаванням тэхнічнага рэгламенту ў форме дэкларавання адпаведнасці або сертыфікацыі.

     Набываючы піратэхнічны выраб, пакупнік мае права запатрабаваць ад прадаўца прад'яўленне сертыфіката адпаведнасці патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы піратэхнічных вырабаў» (ТР ТС 006/2011).

     Не варта купляць петарды, ракеты, салюты з рук у выпадковых прадаўцоў! Прадукцыя, якая не прайшла сертыфікацыю, уяўляе вялікую небяспеку.

      Набываючы піратэхніку, абавязкова неабходна праверыць наяўнасць інструкцыі па ўжыванні, якая павінна быць на рускай або беларускай мове.

       Варта ведаць, што на кожны піратэхнічны выраб павінны быць нанесены (або

прыкладацца) маркіровачныя пазначэнні, якія змяшчаюць наступную інфармацыю:

 

  • клас небяспекі (І, ІІ, ІІІ);
  • найменне і месца знаходжання арганізацыі-вытворцы піратэхнічнага вырабу (пастаўшчыка і/або імпарцёра);
  • пазначэнне стандартаў або іншых дакументаў, у адпаведнасці з якімі выраблены піратэхнічны выраб;
  • дата заканчэння тэрміну прыдатнасці;
  • пералік небяспечных фактараў і памеры небяспечнай зоны;
  • патрабаванні па бяспечным захоўванні і ўтылізацыі піратэхнічнага вырабу;
  • інфармацыя аб пацвярджэнні адпаведнасці піратэхнічнага вырабу патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы піратэхнічных вырабаў» (ТР МС 006/2011).

 

РЭКАМЕНДАЦЫІ ПА БЯСПЕЧНЫМ ВЫКАРЫСТАННІ ПІРАТЭХНІЧНЫХ ВЫРАБАЎ

     Каб не стаць ахвярай няшчаснага выпадку, варта памятаць, што забараняецца прымяненне піратэхнічных вырабаў у будынках (збудаваннях), а на тэрыторыі баз адпачынку, дзіцячых аздараўленчых лагераў не дапускаецца ўладкоўваць феерверкі і карыстацца піратэхнічнымі вырабамі.

     Пры запуску ракеты або феерверка на вуліцы неабходна выконваць элементарныя патрабаванні бяспекі, выкладзеныя ў інструкцыі па прымяненні.

     Асноўныя патрабаванні бяспечнага запуску піратэхнічнага вырабу:

 

  • размяшчайце выраб на роўнай паверхні, не бліжэй 30 м. ад людзей, будынкаў, дрэў, дарог;
  • вызваліце і распраўце фітыль;
  • абавязкова прыміце меры па недапушчэнні перакульвання вырабу падчас яго працы;
  • запаліце канец фітыля з наветранага боку на адлегласці выцягнутай рукі (не нахіляючыся над вырабам) і неадкладна адыдзіце на бяспечную адлегласць спінай да вырабу.
  • Калі фітыль патух або прагарэў, а батарэя не пачала працаваць, варта:
  • 1) вычакаць не менш за 15 хвілін;
  • 2) падысці да батарэі і правесці агляд вырабу звонку, каб пераканацца ў адсутнасці тлеючых частак;
  • 3) пасля поўнай упэўненасці ў адсутнасці тлеючых частак батарэю загарнуць у ўпакоўку і вярнуць прадаўцу для далейшай утылізацыі, альбо знішчыць самому з бытавымі адходамі пасля вытрымкі ў вадзе не менш за 24 гадзіны.
  • Калі феерверк не атрымалася запусціць з першага разу, ніколі не спрабуйце паўтарыць гэту спробу яшчэ раз!
    • Не выкарыстоўвайце піратэхніку пры ветры больш за 15 м/с.
    • Адмоўцеся ад ідэі пераробкі і разборкі вырабу.
    • Не носіце піратэхніку ў кішэнях, не захоўвайце без укупоркі.
    • І самае галоўнае – не накіроўвайце ракеты і феерверкі на людзей!