У Вярхоўскім і Верхнякрывінскім сельсаветах прайшлі сходы грамадзян з удзелам МНС
11 лютага 2026
У Вярхоўскім і Верхнякрывінскім сельсаветах прайшлі сходы грамадзян з удзелам МНС
На тэрыторыі Вярхоўскага і Верхнякрывінскага сельсаветаў адбыліся сельскія сходы грамадзян з удзелам прадстаўніка Бешанковіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
У ходзе мерапрыемстваў была прадстаўлена прэзентацыя «112: правілы бяспекі». З дапамогай інтэрактыўнага элемента «Жыццёкуб» прысутным у даступнай форме нагадалі правілы бяспечных паводзін у быце і патрабаванні пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі печаў.
Да ведама грамадзян даведзена аператыўная абстаноўка ў раёне. Адзначана, што з пачатку года на Бешанковіччыне назіраецца рост колькасці пажараў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Прадстаўнік МНС агучыла статыстыку па краіне, а таксама падрабязна спынілася на пажарах, што адбыліся ў раёне, і іх прычынах.
Асаблівы акцэнт быў зроблены на асноўных прычынах узнікнення пажараў: неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні, парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў, а таксама няспраўнасць электрасетак і электраабсталявання. Прысутным быў прадэманстраваны трагічны прыклад пажару з гібеллю людзей, які адбыўся ў адным з раёнаў вобласці.
Мэта ў прадстаўнікоў МНС была адна: данесці да людзей, што жыццё можа абарвацца ў адно імгненне, і віной таму часта становяцца халатнасць і ўласная неасцярожнасць. Асаблівая ўвага нададзена пытанням належнага стану печаў, своечасовай ачысткі комінаў, спраўнасці электраправодкі і эфектыўнасці працы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.
Асобна спыніліся на тэме бяспекі дзяцей. Прадстаўнік МНС расказала пра інфармацыйную кампанію «Дзеці – не дарослыя! Не пакідайце іх адных!», якую МНС праводзіць пры падтрымцы Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ). Да бацькоў і бабуль з дзядулямі пастараліся данесці галоўнае: нават на хвіліну нельга пакідаць дзяцей без нагляду. Дзіця можа паўтараць дзеянні дарослых, але пры гэтым не ўсведамляць, да чаго яны прыводзяць. Ён бачыць, як бацькі рыхтуюць, карыстаюцца прасам, плітой, чайнікам, і хоча «зрабіць як дарослы». Але тое, што для нас звыкла і бяспечна, для дзіцяці – гульня, дзе кожная памылка можа каштаваць жыцця. Асабліва важна памятаць пра гэта бабулям і дзядулям, калі да іх у госці прыязджаюць унукі.Напрыканцы сустрэч удзельнікі сходаў актыўна задавалі пытанні і атрымалі на іх кампетэнтныя адказы. Усім прысутным былі ўручаны інфармацыйныя буклеты з жыццёва важнымі правіламі бяспекі.
"Зара"