У Віцебску падвялі вынікі дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці»

У Віцебску падвялі вынікі дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», якая стала завяршальным акордам маштабнага марафону добрых спраў. На працягу месяца валанцёры і неабыякавыя грамадзяне выканалі сотні дзіцячых жаданняў, сабраўшы значную колькасць падарункаў для тых, хто мае патрэбу.

Старшыня абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Жаланава расказала пра вынікі дабрачыннага марафону, які стартаваў яшчэ 1 снежня і працягваўся 45 дзён. Паводле яе слоў, сёлета акцыя па зборы падарункаў пераўзышла ўсе чаканні.

– У нас было пяць лакацый, што дазволіла павялічыць колькасць дзяцей, якія атрымалі падарункі, да больш чым тысячы па ўсёй вобласці, – адзначыла Галіна Жаланава.

Акрамя таго, арганізацыя не пакінула без увагі пажылых грамадзян, удзельнічаючы ў акцыі «Ад усёй душы».

– Мы наведалі бальніцы сястрынскага догляду і інтэрнатныя ўстановы, такія як Багушэўскі пансіянат, а таксама наш абласны спецыялізаваны цэнтр, дзе знаходзяцца 150 пацыентаў. Сёння мы накіроўваемся ў Наваполацкую бальніцу сястрынскага догляду, дзе нас чакаюць 85 пацыентаў, – дадала яна.

Галіна Жаланава падкрэсліла, што поспех акцыі стаў магчымы дзякуючы сумесным намаганням жыхароў Віцебшчыны, валанцёраў і СМІ.

– Я шчыра ўдзячна кожнаму, хто адгукнуўся і прыняў удзел у акцыі, – заключыла яна.

Старшыня Віцебскай гарадской арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Алеся Косарава адзначыла, што сёлета актыўнасць удзельнікаў пераўзышла ўсе чаканні.

– Мы атрымалі больш за 1,2 тыс. падарункаў ад насельніцтва і сфарміравалі 540 падарункавых набораў. Таксама ўдалося сабраць звыш 110 пачак падгузнікаў, больш за 450 цацак, канцылярскія прыналежнасці і салодкія наборы. Гэта дазволіла нам падарыць радасць шматлікім дзецям, – расказала Алеся Косарава.

Асноўнымі атрымальнікамі падарункаў сталі малыя з абласнога спецыялізаванага Дома дзіцяці. Дзякуючы шчодрасці гараджан, падарункі таксама будуць перададзены ў шэсць адукацыйных устаноў Віцебска, уключаючы карэкцыйна-развіццёвы цэнтр, спецыялізаваныя дзіцячыя сады, спецшколу.

Валанцёры, сярод якіх былі навучэнцы гімназіі № 7 ім. П. Кандраценкі і СШ № 38 Віцебска, а таксама студэнты тэхналагічнага ўніверсітэта, адыгралі ключавую ролю ў арганізацыі і правядзенні акцыі.

– Мы ўпершыню ўдзельнічаем у «Ёлцы жаданняў», і гэта было нескладана. Людзі актыўна адгукаліся на наш заклік паўдзельнічаць у марафоне добрых спраў, – падзяліўся ўражаннямі навучэнец СШ № 38, камандзір моладзевага атрада аховы правапарадку «Волат» ім. Віктара Азерова, камандзір валанцёрскага атрада «Дружба» Максім Батурскі.

vitebsk-region.gov.by