Падчас расследавання крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд у Бешанковіцкім раёне выяўлены 3 раней неўлічаныя пахаванні ахвяр вайны

Падчас расследавання крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд у Бешанковіцкім раёне пракуратурай выяўлены 3 раней неўлічаныя пахаванні ахвяр вайны. Гэтыя пахаванні размешчаны паблізу вёсак Чанавічы, Азеркі і Сакарова.
Так, на грамадзянскіх могілках паблізу вёскі Азеркі пахавана каля 10 чалавек, меркавана забітых нямецка-фашысцкімі захопнікамі пры транспарціроўцы на прымусовыя работы. У самой вёсцы ў гады вайны размяшчаўся «сартавальны лагер».
Паблізу вёскі Чанавічы выяўлена месца расстрэлу і пахавання каля 8 мірных жыхароў. Усе жыхары расстраляны «нямецкімі салдатамі» па наводцы «паліцаяў» за меркаваную сувязь з партызанамі.
Падчас расследавання крымінальнай справы пракуратурай раёна таксама атрыманы звесткі аб двух месцах расстрэлу і пахавання мірных жыхароў, адно з якіх размешчана паблізу аграгарадка Бачэйкава (каля 90 чалавек), а другое – у гарадскім пасёлку Бешанковічы паблізу сядзібы «Стары Марыенфельд» (больш за 40 чалавек). На жаль, выявіць сведак і відавочцаў з мэтай канкрэтызацыі знаходжання месцаў пахаванняў на мясцовасці не ўяўляецца магчымым.
Падчас расследавання выяўлены абставіны спалення нямецка-фашысцкімі карнікамі і іх памагатымі вёскі Хаціна. Мясцовых жыхароў гэтай вёскі, якія не паспелі схавацца, карнікі канваіравалі ў вёску Сакарова, пры гэтым мужчын прывязвалі да коней і цягнулі па зямлі. У далейшым затрыманыя былі расстраляны.
Асаблівымі зверствамі суправаджалася знішчэнне мірных жыхароў паблізу вёсак Слабада, Ула і Астроўна, а таксама ў г.п. Бешанковічы, дзе ахвярамі сталі каля 6 000 чалавек з ліку мясцовых жыхароў і бліжэйшых вёсак. Ва ўсіх выпадках масавага знішчэння мірнага насельніцтва карнікі загадзя рыхтавалі ямы, у якія спачатку кідалі дзяцей, а затым расстрэльвалі дарослых, целы якіх кідалі зверху. Ямы закопвалі, аднак па словах сведак, якім вядома аб гэтых фактах са слоў відавочцаў, некаторыя з ахвяр гінулі не адразу, таму ў месцы знішчэння яшчэ некалькі дзён «варушылася зямля».
Усяго ж з улікам звестак, атрыманых з архіўных крыніц, у перыяд акупацыі раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі на яго тэрыторыі знішчана каля 8 500 мірных грамадзян. Акрамя таго, выяўлена, што ва Уле і Бешанковічах знаходзіліся лагеры ваеннапалонных, дзе карнікамі закатавана да смерці, расстраляна каля 1 700 чалавек. Больш за 1 200 жыхароў нашага раёна было выгнана на прымусовыя работы ў Германію.


Памочнік пракурора
Бешанковіцкага раёна
юрыст 2 класа                                                                           С.А. Кір'янаў