Вясновы лёд — пастка: Асвода папярэджвае аб недапушчальнасці выхаду на вадаёмы
11 сакавіка 2026
Вясновы лёд — пастка: Асвода папярэджвае аб недапушчальнасці выхаду на вадаёмы
Сакавік для рыбаловаў — час апошняга лёду. Жаданне злавіць буйную рыбу ў перыяд яе вясновай актыўнасці часта зацямняе інстынкт самазахавання. Аднак спецыялісты Асвода нагадваюць: вясновы лёд прынцыпова адрозніваецца ад зімовага. Калі зімовы трэскаецца, папярэджваючы аб небяспецы, то вясновы рассыпаецца ў кашу імгненна і бясшумна.
Аналіз здарэнняў на вадзе за апошнія дзесяцігоддзі паказвае палохаючую заканамернасць. За апошнія 20 гадоў пікавыя паказчыкі гібелі на лёдзе фіксаваліся ў гады з рэзкімі перападамі тэмператур. У сярэдзіне 2000-х колькасць патонуўшых у зімова-вясновы перыяд нярэдка перавышала 50-70 чалавек за сезон. З увядзеннем абавязковых жылетаў і ўзмацненнем патрулявання лічбы ўдалося знізіць, але чалавечы фактар застаецца галоўнай прычынай трагедый.
Сумленным урокам стаў мінулы год. З-за анамальна цёплага лютага лёд схадзіў раней за тэрмін. У 2025 годзе ў нашай краіне зарэгістравана 492 здарэнні на водах, з якіх 54 з непаўналетнімі. Ад утоплення загінула 278 чалавек, у тым ліку 12 непаўналетніх. З агульнай колькасці патонуўшых у стане алкагольнага ап'янення знаходзілася 165 чалавек (59%). З падлёднай рыбалкі ў перыяд таяння лёду не вярнуліся дадому 17 чалавек, яшчэ 7 затанула пры пераходзе па лёдзе. Большасць загінулых не мелі выратавальных сродкаў. Усяго пры ажыццяўленні рознага роду рыбалоўства загінула 80 чалавек, або практычна кожны трэці.
Ратавальнікі адзначаюць, што асноўны ўзрост загінулых — мужчыны ад 45 да 65 гадоў, дасведчаныя рыбакі, якія залішне давяралі свайму стажу. Сумны лік ужо адкрыў і 2026 год. Па стане на канец лютага ў Беларусі вада забрала жыцці 10 чалавек. Нягледзячы на тое, што лічбы бягучага года ніжэйшыя за леташнія (за аналагічны перыяд 2025-га загінула 24 чалавекі, у тым ліку 1 непаўналетні), кожны выпадак – непапраўная страта.
«Вясновы лёд — гэта пастка, – папярэджвае жыхароў Бешанковіччыны старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства ратавання на водах» Сулейман Садыкаў. — Пад уздзеяннем сонца і талай вады ён змяняе структуру, становіцца «ігольчатым»: вертыкальныя крышталі губляюць сувязь паміж сабой. Нават калі таўшчыня лёду складае 15-20 см, ён можа не вытрымаць вагу чалавека, проста ператварыўшыся ў друзлую масу».
Каб прадухіліць трагедыі, АСВОД сумесна з супрацоўнікамі РАНС ініцыяваў правядзенне пазапланавых прафілактычных мерапрыемстваў, дадатковых рэйдаў па вадаёмах. Прафілактычная праца вядзецца ў працоўных калектывах, у месцы пераходу Заходняй Дзвіны з Бешанковіч на Стрэлку.
«Падчас сустрэч з насельніцтвам, — кажа Сулейман Садыкаў, — расказваем людзям пра тое, што выхад на лёд у перыяд яго актыўнага раставання — гэта неапраўданая рызыка, якая можа каштаваць жыцця, што пры выхадзе на вадаём нашэнне выратавальнага камізэлькі абавязкова. Ён утрымае на плаву і дасць тыя каштоўныя 10-15 хвілін, пакуль не наступіла крытычнае пераахаладжэнне. Што калі тэмпература паветра вышэй за 0°С трымаецца больш за тры дні, трываласць лёду зніжаецца на 25%. Просім мець пры сабе два вострыя штыры, злучаныя шнуром, бо выбрацца з палонкі, чапляючыся голымі рукамі за слізкую «кашу», практычна немагчыма. А таксама не правяраць трываласць лёду ударам нагі — толькі пешнёй або палакй перад сабой; не выходзіць на вадаёмы ў стане алкагольнага ап'янэння: спіртное прытупляе пачуццё небяспекі і паскарае працэс замярзання арганізма ў вадзе; не збірацца групамі і не свідраваць шмат лунак побач — гэта ператварае лёд у рэшата. Расказваем пра небяспечныя зоны і многае іншае, што можа прымусіць чалавека задумацца і паберагчыся».
✓ Летась на вадаёмах Бешанковіцкага раёна загінула трое чалавек. Сёлета трагедый, на шчасце, не зафіксавана, але ратавальнікі нагадваюць пра асцярожнасць і максімальнае ўзмацненне ў перыяд раставання лёду бацькоўскага кантролю за дзецьмі. Просяць не пакідаць іх без нагляду і не праходзіць міма чужога дзіцяці, якое гуляе на лёдзе або ля яго краю. Беражыце сябе і сваіх блізкіх, бо ні адна рыбалка або скарочаны шлях да дома не вартыя жыцця.
"Зара"