Вадзіцель сельгаспрадпрыемства раёна выкрадаў сэканомленае паліва: пракуратура Бешанковіцкага раёна накіравала ў суд крымінальную справу

Пракуратурай Бешанковіцкага раёна накіравана ў суд крымінальная справа па абвінавачванні 34-гадовага трактарыста-машыніста сельскагаспадарчага прадпрыемства ў прысваенні даверанай маёмасці.

Згодна з матэрыяламі справы ў перыяд з красавіка па ліпень бягучага года вадзіцель шляхам эканоміі стварыў лішкі дызельнага паліва і не адлюстраваў гэта ў пуцявых лістах. Сэканомленыя 253 літры паліва ён зліў у каністры і рэалізаваў свайму знаёмаму, чым прычыніў арганізацыі шкоду ў суме звыш 600 рублёў.

Пасля праверкі матэрыялаў крымінальнай справы ў пракуратуры раёна прыйшлі да высновы аб абгрунтаванасці абвінавачвання і аб'ектыўным даследаванні абставін злачынства. Пагадзіліся з кваліфікацыяй дзеянняў па ч.1 арт.211 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці Бешанковіцкага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Абраную ў дачыненні да абвінавачанага меру стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах пракурор пры накіраванні справы ў суд пакінуў без змены.

Пракурор Бешанковіцкага раёна
саветнік юстыцыі
С.А.Урбановіч