Вадаёмы Бешанковіцкага раёна – пад наглядам ратавальнікаў

На жаль, на тэрыторыіі Віцебскай вобласці з пачатку года вада забрала жыцці 56 чалавек, трое з якіх – дзеці, а акупальны сезон яшчэ не закрыты… Нягледзячы на тое, што надвор'е не такое і гарачае, грамадзян ля вады застаецца па-ранейшаму шмат.
З мэтай папярэджання гібелі людзей на водах, ратавальнікамі праводзяцца рэгулярныя рэйды па месцах, якія карыстаюцца папулярнасцю ў насельніцтва. У рэйдзе прынялі ўдзел не толькі ратавальнікі, але і прадстаўнікі праваахоўных органаў, а таксама старшыні сельскіх саветаў, на тэрыторыі якіх праводзяцца рэйды.
Сёння на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна было арганізавана адразу некалькі рэйдавых груп, якія накіраваліся ў Астравенскі, Соржыцкі і Улльскі сельскія Саветы. Удзельнікі рэйдаў не толькі імкнуліся навучыць грамадзян бяспечным паводзінам на водах, але і папярэдзіць аб адказнасці, якую нясуць дарослыя за сваіх дзяцей. 
Усе адпачывальнікі ля вады былі праінструктаваныя і запэўнілі ратавальнікаў, што ні пры якіх умовах не будуць пакідаць дзяцей адных, а таксама выконваць правілы бяспечных паводзін на водах.