Пытанне па звароце грамадзян вывучана з выездам на месцы
На асабісты прыём да старшыні райвыканкама Галіны Унуковіч жыхары шматкватэрнага жылога дома №15, размешчанага ў райцэнтры на вуліцы Камуністычнай, звярнуліся па дапамогу з нагоды якасці правядзення рамонтных работ. Напярэдадні ў двухпавярховіку быў завершаны капітальны рамонт, але не былі ўстаранены ўсе наступствы пасля правядзення работ, якія тычацца месцаў агульнага карыстання. Сёння па ўказаным адрасе кіраўнік раёна сабрала прадстаўнікоў службаў, датычных да вырашэння агучаных праблем. У тым ліку кіраўнікоў мясцовага ЖКГ, заказчыка работ – Віцебскага гарадскога ЖКГ і падрадчыка – Шумілінскай «ПМК –70». З сітуацыяй спецыялісты разбіраліся на месцы.
Шматпавярховік пасля капітальнага рамонту знешне змяніўся да лепшага, гэта бачна кожнаму, хто памятае, якім дом быў раней. У цэлым рамонтам людзі задаволены, удзячныя будаўнікам за працу. Як адзначыў прысутны пры размове Аляксандр Сяргеевіч Комзікаў, сантэхніку, цеплавузел, цеплатрасу, ваду зрабілі добра, прэтэнзій няма, але ёсць нюансы. Напрыклад, пры мантажы даху адбылося затапленне столі ў адным з пад'ездаў, тая пажоўкла, калі не ўстараніць, рамантаваць яе жыхарам давядзецца за ўласныя сродкі. Недароблена адкаты ў цеплавузле, паміж плітамі перакрыццяў выкрашылася тынкоўка…
Усе заўвагі, як кажуць, леглі на паперу. Ёсць фота, у якім стане быў дом, пад'езды да рамонту. Будаўнікі запэўніваюць, што свае недаробкі яны ўстараняць у найкарацейшыя тэрміны.
У межах бягучага ўтрымання прыдамавой тэрыторыі УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік» сёлета зробіць жвіровую падсыпку, адвядзе ваду ад пад'ездаў, а ў наступным годзе будзе выкананы бягучы рамонт дваровай тэрыторыі.
«Прыемна, калі людзі адказна падыходзяць да рамонту свайго дома, – адзначыла, звяртаючыся да прысутных, старшыня райвыканкама Галіна Уладзіміраўна Унуковіч. – Яны цярпліва перанеслі ўсе нязручнасці, чакалі заканчэння работ, а цяпер зразумела іх жаданне, каб усё было добра. Таму дарабіць усё трэба так, як трэба».
Пытанне застаецца на кантролі.
Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.