Усё таемнае становіцца яўным
Пакаранне 1 год 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу са штрафам 50 базавых велічынь, што складае 1 150 рублёў, прызначана судом Бешанковіцкага раёна былому вадзіцелю ПСУП «АСБ Наватар» Альшэўскаму па ч.1 арт.211 КК Рэспублікі Беларусь, які прызнаны вінаватым у прысваенні маёмасці асобай, якой яна даверана. Прысуд уступіў у сілу і прыведзены ў выкананне 05.09.2017.
Альшэўскі, працуючы ў гаспадарцы на пасадзе вадзіцеля другога класа, з'яўляючыся матэрыяльна адказнай асобай у перыяд з ліпеня 2015 г. па чэрвень 2017 г., дзейнічаючы з адзіным намыслам на завалоданне давераным яму пад справаздачу ПСУП «АСБ Наватар» для выканання работы дызельным палівам, выкраў 3699,13 літраў дызельнага паліва, чым прычыніў ПСУП «АСБ Наватар» матэрыяльную шкоду на суму 3403 рублі 20 капеек.
Альшэўскі патлумачыў суду, што атрымліваў для работы дызпаліва не на заправачных станцыях, а ў гаспадарцы. Спісваў дызпаліва згодна з запаўняемымі ім пуцявымі лістамі, завышаючы кіламетраж. Пуцявыя лісты здаваў у бухгалтэрыю гаспадаркі. Фактычнае паказанне спідометра не змяняў, паколькі яго паказанні ніхто не правяраў і з пуцявымі лістамі не звяраў. Дызельнае паліва зліваў з машыны і прадаваў сваім знаёмым, грошы траціў на свае патрэбы.
Бескантрольнасць з боку службовых асоб гаспадаркі за выкарыстаннем дызельнага паліва, прага нажывы Альшэўскага і прывялі яго на лаву падсудных. У ходзе следства Альшэўскі кампенсаваў у поўным аб'ёме прычыненую гаспадарцы шкоду, раскаяўся ў зробленым, што і паўплывала на меру прызначанага судом пакарання. На момант асуджэння Альшэўскі ў гаспадарцы ўжо не працаваў.
Намеснік пракурора раёна
малодшы саветнік юстыцыі Э.І.Лешанок