Сустрэча з будучымі студэнтамі
Гульня «Дзе логіка?», якая ўжо стала папулярнай на адным з тэлеканалаў, гульцамі якой з'яўляюцца вядомыя асобы, упэўнена ўвайшла ў навучальныя ўстановы нашай краіны. Свае веды і логіку правяраюць і навучэнцы выпускных класаў Бешанковіцкага раёна. Прычым прапанаваныя групы карцінак аб'ядноўвае тэма бяспекі.
Бешанковіцкія ратавальнікі ўцягнулі навучэнцаў сярэдняй школы №1 у правядзенне рэспубліканскай акцыі «Бяспека − у кожны дом!» з дапамогай гульні «Дзе логіка?».
Аднак перад гульнёй рабят чакала гутарка з інспектарам нагляду і прафілактыкі Бешанковіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Берастэнем Аляксеем Ігаравічам, які не толькі расказаў пра прычыны гібелі людзей ад пажараў, правілы бяспечных паводзін у быце, на вуліцы і ў школе, але і адказаў на ўсе пытанні.
А ўжо пасля гутаркі, прайшла займальная гульня, правілы якой добра вядомы падлеткам. Адзіную рэмарку ўнеслі ратавальнікі: групы карцінак і слова-карцінку, якую яны адгадвалі, датычыліся бяспекі. Без усялякіх цяжкасцей усе прапанаваныя рэбусы гульні былі разгаданы.
З дапамогай лёгкага і пазітыўнага інтэрактыву атрымалася не толькі плённа правесці час, але і паўтарыць асновы бяспекі.